365Info

Чацвёртая хваля кавіду накрывае Беларусь. Але ж неўзабаве пачынаецца і сезон грыпу. Таму перад медыкамі, ды і простымі людзьмі, паўстае новая цяжкасць: як адрозніць сімптомы кавіду ад сімптомаў грыпу? Некалькі парадаў ад медыкаў.

Прызнакі гэтых хваробаў шмат у чым падобныя — напрыклад, ліхаманка і стомленасць можа мець месца ў выпадку абедзвюх хваробаў. Некаторыя з сімптомаў кавіду увогуле можна зблытаць з алергіяй, піша Wall Street Journal.

У прыватнасці, гэта датычыцца тых выпадкаў кавіду, калі чалавек хварэе пасля праведзенай вакцынацыі. Тады сімптомы доўжацца не так доўга і праяўляюцца не так моцна, як у выпадку са звычайнай хваробай на кавід. Сярод такіх прызнакаў адзначаюць насмарк, які якраз і падобны да сімптома алергіі, а таксама стомленасць і кашаль.

Але ж пры гэтым застаецца адзін унікальны сімптом, які характэрны менавіта для кавіду. Гэта страта адчуванняў смаку ці нюху.

Праўда, кавід не заўсёды суправаджаецца такім сімптомам, таму, калі вы маеце гэтыя адчуванні, не варта лічыць, што ў вас дакладна не кавід. Трэба звяртаць увагу на іншыя сімптомы і пры неабходнасці рабіць тэсты на кавід.

Як ні дзіўна, ёсць верагоднасць адначасова захварэць на некалькі інфекцый, хоць гэта і сустракаецца не надта часта.

Пад асаблівай пагрозай знаходзяцца дзеці, што праводзяць шмат часу ў дзіцячым садку ці школе, дзе адначасова цыркуліруе шмат вірусаў. Павышаную небяспеку можа прадстаўляць спалучэнне пнеўмавірусаў і адэнавірусаў — у дзяцей такая камбінацыя можа выклікаць больш цяжкую хваробу, чым у дарослых.

Ёсць розныя погляды на тое, як спалучаюцца вакцыны ад кавіду і грыпу, і ці можна рабіць гэтыя прышчэпкі адначасова. Частка дактароў лічаць, што рабіць перапынак паміж вакцынамі не абавязкова, а частка схіляецца да таго, што паміж прышчэпкамі павінна прайсці два тыдні ці нават месяц. У любым выпадку, важна арыентавацца на ўласнае самаадчуванне і рэкамендацыі доктара