4 кастрычніка ў 14.37 выратавальнікам паступіла паведамленне аб загаранні жылога дома ў Даўгінаве.

На момант узнікнення пажару ў доме былі дачка і брат гаспадыні. На месцы падраздзяленні МНС устанавілі, што драўляны аднапавярховы дом гарыць адкрытым полымем.

– Прыбыўшы да месца пажару, я прыступіў да правядзення разведкі, – распавёў камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 Вілейскага раённага аддзела па НС прапаршчык унутранай службы Павел Ляшковіч. – Адначасова кіроўца паста сяржант унутранай службы Аляксей Каробчыц пракладваў рукаўную лінію для тушэння пажару. Аббягаючы дом, я ўбачыў, як маладая жанчына вылазіла праз акно. Удакладніў у яе, ці ёсць у доме яшчэ людзі. Яна адказала, што ёсць адзін чалавек. Унутры пакоя я ўбачыў мужчыну і дапамог яму выбрацца праз акно на вуліцу. Затым выратаванага перадалі медыкам. Пажар ліквідавалі сумесна з калегамі з іншых падраздзяленняў.

Выратаваны брат гаспадыні з тэрмічнымі апёкамі 6% цела шпіталізаваны ў бальніцу.

У выніку пажару пашкоджаны дах на плошчы 10 квадратных метраў, сцены і маёмасць у жылым доме і прыбудовах.

Прычына пажару высвятляецца. Разгляданая версія  – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

Фотаздымкі з месца здарэння – з сайта МНС.