Слонімскія акцёры на сцэне. Фота Газеты Слонімскай.

У суботу, 9 кастрычніка, на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра ў Маладзечне пройдуць гастролі Слонімскага драматычнага тэатра, паведамляе «Газета Слонімская». 

Слонімскія артысты пакажуць спектакль «Багатыя нявесты» па п’есе класіка рускай драматургіі Аляксандра Астроўскага, якая вельмі рэдка ставіцца тэатрамі. Багатая ўдава праводзіць час на лецішчы ў падмаскоўным пасёлку ў спробах зачараваць адпачывальнікаў па суседстве маладых чыноўнікаў. Вельмі недарэчы ў пасёлку з’яўляецца яшчэ адна нявеста, маладая і прыгожая. Ёй апякуецца генерал, у якога свае матывы хутчэй знайсці для дзяўчыны мужа. Ці сустрэнецца шчасце таму, хто яго шукае?

Таксама слонімскія акцёры прадставяць увазе маленькага гледача горада Маладзечна два паказы дзіцячай казкі «Марская нявеста». Усе падзеі ў спектаклі адбываюцца на марскім дне, дзе плаваюць рыбы, растуць розныя марскія водарасці, дзе ёсць добрыя і не вельмі добрыя марскія жыхары.