Якія вакансіі па Маладзечаншчыне з’явіліся на сайце Дзяржаўнай службы занятасці за сёння? Прапануем прагледзець разам з намі.

Закрытае акцыянернае таварыства шукае повара і кантралёра-касіра. Заробак – ад 750 і ад 760 адпаведна.

Працягваюць спіс вакансіі ад сельгаспрадпрыемства, што ў вёсцы Крыніца Мясоцкага сельсавета. Тут патрэбныя электрагазазваршчык, жывёлавод, палявод, інжынер па ахове працы, брыгадзіры вытворчых брыгад па раслінаводстве і жывёлагадоўлі, трактарыст-машыніст. І гэта яшчэ не ўсё. Сюды ж возьмуць слесара, рабочага, кіроўцу,  электраманцёра. Найбольшы заробак абяцаюць слесару – ад 800, пасля ідзе інжынер і электраманцёр  – ім ад 700. Астатнім – ад 460 да 650.

Ёсць вакансіі для прадаўцоў. Адна – у краму адкрытага акцыянернага таварыства, другая – у краму, што ў вайсковай часці ў Маладзечне. Па першай абяцаюць ад 500, па другой – ад 600.

Сумеснае прадпрыемства з абмежаванай адказнасцю ў Маладзечне шукае зборшчыка абутку, апрацоўшчыка дэталяў, паўфабрыкатаў і вырабаў. Па абодвух спецыяльнасцях магчымае аплочваемае навучанне. Заробак – ад 700 рублёў.

Некалькі вакансій прапаноўвае санаторый у Радашкавічах. Шукаюць медсястру па фізіятэрапіі, інструктара з абавязковай медыцынскай адукацыяй, санітарку, повара, майстра па рамонце. Апошні атрымае найбольш ад 856,8 рубля. Каля 700 рублёў прапаноўваюць повару, астатнім – менш. У сацыяльны комплекс у вёсцы Удранка, што ў Радашкавіцкім сельсавеце патрэбны педыятар. Заробак – ад 857 рублёў.

Ад 450 рублёў прапануюць інжынеру па ахове працы, які прыдзе ў гімназію-каледж мастацтваў, ад 500 – кіроўцу, ад 600 – машыністу бульдозера ў ПМК-32.

У адну з аптэк у Маладзечне шукаюць правізара-рэцэпатара. Заробак – ад 1287,5.

На гарадской дыстанцыі пуці возьмуць манцёраў, слесара-рамонтніка, аператара дэфектаскопнага вазка, рамонтніка штучных збудаванняў. Заробкі – у межах 600-800.