Фота shop.by

У Маладзечне 34-гадовы індывідуальны прадпрымальнік звярнуўся па дапамогу ў міліцыю: яшчэ ў студзені мужчына арандаваў у яго адбойны малаток «Бош», але да гэтага часу інструмент не вярнуў.

Аказалася, заяўнік здае ў пракат бенза- і электраінструмент. Па дамове арэнды ён падаў адбойны малаток маладому чалавеку, які заплаціў за выкарыстанне інструмента на працягу адных сутак. На наступны дзень тэрмін арэнды кліент падоўжыў, аднак па заканчэнні часу маёмасць ўладальніку так і не вярнуў. Зніклы інструмент супрацоўнікі крымінальнага вышуку знайшлі ў адным з гарадскіх ламбардаў.

Пазычальнік малатка – 23-гадовы непрацуючы мясцовы жыхар. Аднесці інструмент у ламбард ён папрасіў знаёмых. Атрыманыя грошы – каля 450 рублёў – фігурант патраціў на сябе. Па словах самога падазраванага, маёмасць здаў у ламбард, паколькі яму тэрмінова патрэбныя былі грошы, а ў далейшым ён планаваў выкупіць дарагі малаток.

Знойдзены інструмент канфіскавалі. Пасля правядзення неабходных працэсуальных дзеянняў яго вернуць законнаму ўладальніку.

Узбудзілі крымінальную справу па частцы 1 артыкула  211 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Прысваенне альбо растрата». Санкцыя артыкула прадугледжвае максімальнае пакаранне – пазбаўлення волі да чатырох гадоў. Раней падазраваны судзімы не быў.