Летась «Рэгіянальная газета» пісала пра знаходку рэдкіх фотаздымкаў Маладзечна 1950-х гадоў у расійскай Находцы. Маладзечанскі краязнаўца Уладзімір Садоўскі ўзяў здымкі з альбома 1959 года і прайшоўся па вуліцах горада, каб паглядзець, як памянялася Маладзечна больш чым за 60 гадоў.

Прапануем чытачам пабачыць, што атрымалася. Хай вас не здзіўляе снег на сучасных здымках. Большасць з іх Уладзімір рабіў зімой.

А яшчэ на кожным здымку можна цягаць туды-сюды паўзунок і параўноўваць.

Ну што? Паехалі!

Плошча Старое Места. Тут у 1959 быў буйны транспартны вузел з аўтобуснай станцыяй і стаянкай гарадскога таксі.

Дом па сучасным адрасе Старое Места, 4. У фотаальбоме 1959 года падпісаны як дом купца. На жаль, у наш час дарэвалюцыйны будынак страціў свой гістарычны выгляд.

Сярэдняя школа №5 у 1959 годзе і цяпер.

Гэта будынак былой сінагогі на Віленскай. У 1959 годзе тут працаваў маслазавод.

А вось яшчэ адзін будынак з гісторыяй. На момант фотаздымка ў 1959 годзе, тут размяшчаўся маладзечанскі дом піянераў. А раней, ад 1947 па 1955 гады, працаваў Маладзечанскі настаўніцкі інстытут. Тут выкладаў Мікола Ермаловіч і яго жонка Лідзія. Цяпер у будынку крама.

Стары будынак школы №3. Дрэвы выраслі, а школа стала гімназіяй.

Пазналі будынак з калонамі? Райвыканкам не вельмі змяніўся.

Дом па Віленскай, 24. У 1959 годзе тут размяшчалася кантора Леспрамгаса.

Вядомая маладзечанцам «Бярозка» на першым здымку толькі будуецца. А на другім – той самы будынак на рагу Віленскай і Валынца. Толькі сёння швейнай фабрыкі там няма. Але маладзечанцы назваюць гэтае скрыжаванне па-ранейшаму – ля Бярозкі.

А вось і Цэнтральная плошча. Стары здымак падпісаны так: «Мітынг, прысвечаны адкрыццю помніка Леніну 5 лістапада 1958 года». На фота бачны будынак музычнай школы, у якім раней размяшчаўся абласны камітэт кампартыі Беларусі. У той час, да 1960 года, Маладзечна было цэнтрам Маладзечнаскай вобласці.

Зноў Цэнтральная плошча. Від у бок Віленскай вуліцы. Блакітных елак на старым фота яшчэ няма. А цяпер паглядзіце, якія выраслі.

На старым фота – парад фізкультурнікаў каля ўнівермага, які яшчэ будуецца. На сучасным фота – той самы будынак. Толькі вось універмага ў ім пару год, як няма.

Рэстаран «Папараць-кветка». Бачыце, нават агароджа на ганку да сёння захавалася.

Заўважалі гэты дом на рагу Валынца і Прытыцкага? У 1959 годзе тут была крама «Дзіцячы свет».

У 1959 годзе на вуліцы Валынца быў камбінат бытавога абслугоўвання, які стаяў асобна. Цяпер стары будынак аб’яднаны з суседнім у адну пабудову.

А вось у гэтым будынку ў 1959 годзе рабілі вядомыя гармонікі. А сёння прадаюць бялізну, каметыку і шмат што яшчэ. Гармонная фабрыка, так.

Цяпер у гэтым доме на Прытыцкага месціцца піцэрыя. А ў 1959 была крама, дзе прадавалі тканіну.

У будынку на Прытыцкага, 5, дзе цяпер знаходзіцца ўпраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароны, у 1959 годзе працаваў раённы камітэт кампартыі Беларусі.

А вось лазня на Грамадоўскай праз дзесяцігоддзі так і засталася лазняй. Праўда, прыбавілася кропак з рознымі паслугамі.

Панарама вуліцы Талстога з будоўляй цэнтральнай бібліятэкі. Бібліятэка ў Маладзечне – першы самастойна рэалізаваны праект беларускага архітэктара Вальмена Аладава. Яе пабудавалі без запланаванага аўтарам порціка – крытай галерэі з калонамі. Гэты элемент палічылі лішнім. Нагадаем, што будынак бібліятэкі не працуе ад 2014 года – ад таго часу, як тут абвалілася столь.

Дом на рагу Вялікага Гасцінца і вуліцы Буйніцкага. Звярніце ўвагу на будачку з зоркай у цэнтры вуліцы на старым фота. Уладзімір мяркуе, што там мог знаходзіцца міліцыянер. А яшчэ мог захоўвацца пульт ад светлафора. Бо провад ад яго вядзе якраз туды.

Від на вуліцу Машэрава і на агароджу парка Перамогі. Звярніце ўвагу на статую льва ў правай часцы старога здымка. Яна стаяла каля знакамітай геляноўскай аркі, якая абазначала ўезд у былы гарнізон Войска Польскага, што размяшчаўся тут да вайны. Арка была знесена на пачатку 1960-х, а статуя льва захавалася і знаходзіцца зараз у Беразінскім.

Парк Перамогі і арка з выхадам у бок вуліцы Маркава. Арка ў 1959 была яшчэ новай.

Мікрараён Гелянова. Скрыжаванне вуліц Машэрава і Чкалава. Злева бачны будынак Мінскага абласнога драмтэатра, у якім да вайны працаваў польскі клуб афіцэраў. А ў 1959 тут месціўся дом культуры Маладзечанскай вобласці.

Хлебазавод працуе да сёння.

А гэта піўзавод. Яго якраз пабудавалі ў 1959.