У Беластоку. Фота забяспечаная аўтарам.

Квэст пад назвай «Як беларусу атрымаць Pfizer» мы з бацькамі прайшлі паспяхова. Хоць галоўнай мэтай паездкі быў мой паход да доктара ў Польшчы. Так званыя медыцынскія мэты дазволі нам выехаць у ліпені і ў жніўні. Сайт беларускага памежнага камітэту засведчыў, што медыцынскія мэты – гэта тое, што дазваляе табе выязджаць з Беларусі так часта, як патрэбна. У якасці прыемнага бонусу былі сустрэчы з добрымі людзьмі і шпацыры па летнім Беластоку.

Безумоўна, трэба мець запрашэнне ад шпіталю, перакладзенае на рускую або беларускую мову. Першы раз у мяне быў імэйл, другі – ужо арыгінал. Мы перастрахаваліся і заверылі пераклад у натарыуса. Паказваеш паперу беларускім памежнікам – прапускаюць.

Жаданне вакцынавацца медыцынскай мэтай не з’яўляецца.

Палякаў цікавіць толькі шэнген у пашпарце.

Мы пачыталі інфармацыю ў інтэрнэце, паразмаўлялі са знаёмымі і вырашылі прайсці вакцынацыю ў Беластоку. У свабодным доступе быў аднаразовы Johnson & Johnson і двухразовы Pfizer/BioNTech. Мой доктар параіў апошні як больш надзейны і бяспечны пры маіх праблемах са здароўем (СМА). Зроблена.

Вакцынацыя для беларусаў у Польшчы цалкам бясплатная – проста паказваеш пашпарт.

Усё праходзіла ў адным са спартыўных комплексаў Беластока. Мяне як вазочніка заўжды цешыць безбар’ернасць: заехала па пандусе на ўваходзе – выехала пасля прышчэпкі ў другія дзверы па другім пандусе.

На ўваходзе табе мераюць тэмпературу і выдаюць анкету з падрабязнымі пытаннямі на польскай мове. Прастаўляеш птушачкі – ідзеш у спартыўную залу, дзе ўсе па чарзе праходзяць вакцынацыю, вытрымліваючы дыстанцыю, а потым сядзяць хвілін 15-20 на выпадак нейкіх ускладненняў.

Медработнікі дабразычлівыя, усё робіцца на пазітыве і з усмешкай. Цябе яшчэ раз распытваюць, як сябе адчуваеш, ці прымаеш нейкія лекі, папярэджваюць пра тое, што можа падвысіцца тэмпература, павялічыцца лімфавузлы, раяць пры падвышэнні піць парацэтамол і адпачываць.

А вось і сама працэдура. Фота забяспечанае аўтарам.

У нашым выпадку ўсё прайшло добра. Праўда, і пасля першай, і пасля другой дозы вакцыны менавіта на другі дзень крыху балелі мышцы, суставы і хацелася спаць. Была лёгкая стомленасць пару дзён, але не крытычна.

Я веру ў навуку, таму вельмі рада, што мы прайшлі вакцынацыю летам. Было зразумела, што ўвосень пачнецца новая хваля і будзе цяжка.

Да таго ж хочацца быць свабоднай у перамяшчэннях. З імпартнай вакцынай гэта прасцей.

Калі б не было магчымасці выехаць у Беласток, то адназначна бацькі вакцынаваліся б «Спутнікам», а я, напэўна, выбрала б кітайскую.