Графіці з Драздовічам у Дзісне. Фота ptushki.org.

13 кастрычніка 1888 года на сучаснай Глыбоччыне нарадзіўся мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог, пісьменнік Язэп Драздовіч – адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Нарадзіўся ў сям’і збяднелага шляхціца ў засценку Пунькі. Вучыўся ў прыватнай гімназіі, а пасля ў школе жывапісу ў Вільні.

У нашы мясціны трапіў ужо пасля ўдзелу ў Першай сусветнай і жыцця ў Мінску, дзе працаваў як мастак-дэкаратар, займаўся асветніцкай працай і стварыў серыю ўнікальных малюнкаў старога Мінска.

У 1920-х як этнограф і мастак наведвае Крэва і Гальшаны, працуе ў беларускай гімназіі імя Скарыны ў Радашкавічах. На пачатку 1930-х – працуе на Беласточчыне.

Адметнай рысай Драздовіча было захапленне космасам. Гэта бачна і ў творчасці.

Вось як піша пра Драздовіча пісьменнік Уладзімір Арлоў:

“Калі я думаю пра яго, уваччу заўсёды паўстае адно й тое ж відовішча: па вечаровай палявой дарозе ўсьлед за нізкім, чырвоным, як ягадзіна шыпшыны, сонцам ідзе высокі барадаты чалавек з падарожнай кайстраю і мальбэртам. У той самы момант у памяці ажываюць і нягучна поўняць гэтую народжаную ўяўленьнем прастору радкі Ўладзімера Караткевіча:

Дарогі… Корчмы… Ліра за сьпіною…
Ў гадах Хрыстовых – бедным шкаляром…
Засьпее ноч, засьпее дзень слатою –
Паўсюль мне стол, любоў, цяпло і дом…

Язэп Драздовіч прыйшоў на сьвет у адным дзесяцігодзьдзі з братамі Луцкевічамі, Ластоўскім, Купалам і Коласам і сам быў з гэтага шэрагу будзіцеляў нацыі. Яны не належалі да нейкіх школаў, плыняў або партыяў. Яны былі іх стваральнікамі.

Драздовіч стаў адным з заснавальнікаў нацыянальнага гістарычнага жывапісу і плённа прычыніўся да вытокаў мастацкай Скарыніяны. Працягваючы творчы подзьвіг свайго папярэдніка Напалеона Орды, ён стварыў вялікія графічныя сэрыі – «Мір», «Крэва», «Наваградак і наваградцы», «Меднікі», «Трокі», «Гальшаны»… Быў шанцоўным археолягам: адкрыў некалькі стаянак каменнага і бронзавага вякоў. Стаў пачынальнікам касьмічнай тэмы ў нашым выяўленчым мастацтве. Ягоны цыкль «Жыцьцё на Марсе» і сёньня хвалюе мяне, колішняга фаната Рэя Брэдбэры. (Дарэчы, свае самнамбулічныя падарожжы па іншых плянэтах і галяктыках Драздовіч апісаў у літаратурных дзёньніках, дасьледаваных у віленскіх архівах літаратуразнавіцай Ліяй Кісялёвай.)

Па вайне шанец не памерці з голаду дало яму маляваньне на саматканым палатне дываноў, рупліва зьбіраных потым мастаком Аляксеем Марачкіным. Чыноўнікі ад культуры ў лепшым разе лічылі такое мастацтва другарадным, а ў горшым – шкодніцкім. У мястэчку Лужкі дагэтуль памятаюць размалёўку дзядзькі Язэпа ў мясцовай сталоўцы. Асартымэнт страваў быў, далікатна кажучы, небагаты, але туды хацелася зайсьці, каб трапіць у сьвет фантастычных зьвяроў і птушак. Урэшце месца грамадзкага харчаваньня наведаў абласны чыноўнік, пасьля чаго размалёўку зьнішчылі, а на яе месцы павесілі копію карціны расейскага мастака Шышкіна.

Хочацца верыць, што нехта з тых, хто лічыў Драздовіча ўбогім бажаволкам, дажыў да адкрыцьця ў Менску помніка дзядзьку Язэпу, да выхаду альбому-манаграфіі, да зьяўленьня вуліцаў імя Драздовіча ў Менску, Воршы, Маладэчне, Глыбокім, Шаркоўшчыне, Радашкавічах, Германавічах, да стварэньня Культурна-асьветніцкага цэнтру імя Язэпа Драздовіча, узначаленага закаханай у творчасьць земляка Адай Райчонак, пад кіраўніцтвам якой шмат гадоў ладзяцца мастацкія пленэры – у тых мясьцінах, над якімі лунае душа гэтага вечнага вандроўніка.”