Аўтар Францішак Жылка са сваёй кнігай. Фота аўтара.

Двадцаць пяць гадоў таму ў аграгарадку Жодзішкі пачалося аднаўленне вадзянога млына. За гэты час млын не толькі поўнасцю адноўлены і працуе, але ў ім створаны адзіны ў краіне музей вадзянога млына 18 стагоддзя.

Пра гэта расказаў на прэзентацыі новай кнігі «Млынарства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць» яе аўтар Францішак Жылка. Прэзентацыя адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Францішак нарадзіўся і вырас у Жодзішках, і яго дзіцячыя ўражанні звязаны з вадзяным млынам. У сталым узросце, бачачы, як разбураецца гэты млын, ён паабяцаў сваім траім дзядзькам аднавіць яго і сваё слова стрымаў.

Гледачы падчас прэзентацыі. Фота аўтара.

Галоўная мэта напісання кнігі – захаваць стан млынарства ў Беларусі на пачатку 21 стагоддзя. На жаль, многае рушыцца і знікае назаўсёды. Знікае так, што аднавіць будзе не магчыма.

Аўтар расказаў, што ў кнізе апісана не толькі больш за 150 вадзяных млыноў, але ёсць звесткі і пра конныя, пара- і парагенератарныя і ветраныя млыны.

Шмат цікавых гісторый Францішак Жылка распавёў пра пошукі млыноў, пра лёс будынкаў. Кніга багата ілюстраваная больш чым пяццю сотнямі старых і сучасных фотаздымкаў розных аўтараў, планамі, чарцяжамі і картамі.

На старонках сабраныя таксама ўспаміны нашчадкаў беларускіх млынароў.

Кніга – сапраўдная энцыклапедыя млынарства і можа быць добрым падручнікам для тых, хто хоча працягнуць гэту справу.

Варта адзначыць, што гэта выданне напісанае на беларускай мове.

Аўтар не спакусіўся на прапановы дарадцаў, што кніга на рускай мове будзе мець
большы поспех.

Францішак Жылка адзначыў: яму было прасцей знайсці адпаведныя тэхнічныя і тэхналагічныя тэрміны (а іх у кнізе вельмі шмат) на роднай мове, чым на расейскай таму, што родная мова больш багатая.

Злева направа: Аксана Кніжнікава, Ігар Чэкалаў, Францішак Жылка. Фота аўтара.

У прэзентацыі прынялі ўдзел генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава, старшыня Беларускага фонду культуры спадар Тадэвуш Стружэцкі, старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства, дацэнт, кандыдат геаграфічных навук Аляксей Яротаў, дырэктар выдавецтва «Энцыклапедыкс» Ігар Чэкалаў, танцмайстар, лаўрэат міжнародных фестываляў спадар Мікола Котаў.

Мінскі прадпрымальнік аднавіў барочную капліцу 17 стагоддзя на Смаргоншчыне

«Вераснёвыя смертнікі». Маладзечанскі полк, які стрымліваў немцаў на подступах да Варшавы