Фота Настассі Уткінай.

Ад 15 па 18 кастрычніка ў Мінскай вобласці праводзіцца прафілактычная акцыя «Цвярозы кіроўца», накіраваная на папярэджанне і спыненне кіравання транспартнымі сродкамі п’янымі кіроўцамі, а таксама бяспраўнікаў.

Кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, пад уздзеяннем наркатычных сродкаў і псіхатропных ці таксічных рэчываў з’яўляецца самым грубым і небяспечным парушэннем Правілаў дарожнага руху, што немінуча прыводзіць да ДТЗ.

За 9 месяцаў бягучага года інспектары ДАІ заўважылі і прыцягнулі да адказнасці 2559 нецвярозых кіроўцаў. За названы перыяд па іх віне адбылося 38 ДТЗ, у выніку якіх 13 чалавек загінулі, 38 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.

У ходзе мерапрыемства будуць працаваць рэйдавыя групы з супрацоўнікаў ДАІ і іншых службаў міліцыі грамадскай бяспекі. Патруляванне нарадаў міліцыі наблізяць да аб’ектаў гандлю спіртнымі напоямі (кафэ, крамы, АЗС) і забаўляльных устаноў, асабліва вечарам і ноччу. Таксама пад кантролем ДАІ будуць нецвярозыя пешаходы і раварысты, якія ствараюць прамую небяспеку для дарожнага руху.

Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае, што згодна з артыкулам 18.15 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, прадугледжаная градацыя алкагольнага ап’янення кіроўцы. Калі алкагольнае ап’яненне складае да 0,8 праміле ўключна – правапарушальнік пазбаўляецца вадзіцельскага пасведчання тэрмінам на тры гады, таксама давядзецца заплаціць і штраф сто базавых велічынь – 2 900 рублёў. Калі больш за 0,8 праміле – пазбаўленне правоў тэна пяць гадоў і штраф у дзвесце базавых велічынь – 5 800.

За паўторнае кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення на працягу года правапарушальнік прыцягваецца да крымінальнай адказнасці, пры гэтым прадугледжана спецыяльная канфіскацыя транспартнага сродку, якім кіравалі ў стане ап’янення, незалежна ад права ўласнасці.

Шаноўныя грамадзяне, калі вы бачыце ці ведаеце, што за рулём кіроўца ў стане ап’янення, альбо бачыце на праезнай частцы дарогі нецвярозых пешаходаў ці раварыстаў, неадкладна паведаміце па тэлефоне 102.