Мастакі-ўдзельнікі пленэру і дырэктар Вілейскага доследнага лясгаса.

Мастакі са Слуцка, Мінска, Заслаўя, Смалявічаў, Ліды на гэтым тыдні ладзілі пленэр. Чатыры дні яны пісалі стромкі бераг Віліі, усходы і захады, ваду і нябёсы ў Даманаве, на Вілейшчыне. У апошні дзень пленэру журналіст «Рэгіянальнай газеты» завітала да творцаў, каб паглядзець на эцюды і распытаць мастакоў пра ўражанні ад пленэру і ад прыроды нашых мясцін.

– На пленэр на Вілейшчыну нас прыехала шасцёра – я, Леанід Гоманаў, Гунэфа Мацюшэнкава, Ала Кушнер, Віктар Лук’ян і Віктар Данілаў. Мы прадстаўляем міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Еўразійская мастацкая садружнасць», – знаёміць з камандай творцаў мастачка Юлія Нявейка. – Суполка маладая – нам толькі год.

Тая самая прырода, якая так спадабалася мастакам.

Разам з аднадумцамі Юлія вырашыла ладзіць пленэры пад назвай «Чатыры сезоны». Адбываецца гэта так:

– Звязваемся з лясгасамі, бо ведаем: у кожным ёсць тое месца, куды могуць прыехаць людзі і адпачыць. Звычайна для гэтай мэты абіраюць прыгожыя мясціны з яскравай прыродай. У першы раз мы звярнуліся ў Смалявіцкі лясгас. Смалявічы – гэты мае родныя мясціны. Нам не адмовілі. Тады вырашылі, што было б добра прыязджаць кожны сезон у розныя лясгасы, каб убачыць розную прыроду і яе намаляваць.

А пасля пленэру кожны лясгас атрымлівае ад мастакоў па некалькі карцін.

Юлія адзначыла, што на Вілейшчыне мастакоў прывабіла Вілія. А яе асабіста вельмі ўразілі бярозы:

– Разгалістыя, вялікія, у некалькі ствалоў. Нідзе такіх не бачыла!

А ўвогуле, у кожным лясгасе ёсць тое, што можа ўразіць і натхніць мастака. Па словах Юлі, ў Лёзне былі неверагодныя сосны, на Чэрвеншчыне – вялізныя ракіты, якія глядзяцца ў рэчкі Ушу і Волму, а ў Смалявіцкім лясгасе ўсе з задавальненнем пісалі камышы.

Юля перакананая: задача мастака ў тым, каб навучыць людзей бачыць прыгажосць у звычайным вакол сябе. Бо самі мастакі гэтую прыгажосць бачаць ва ўсім.

Гюнэфа Мацюшэнкава на пленэр прыехала са Слуцка. На Вілейшчыне – упершыню. Кажа, што ў прыродзе нашых мясцін яе ўразілі сосны і сам лес – такі дагледжаны, чысты, не зарослы кустоўем, з высокімі дрэвамі, праз якія прабіваецца святло. А ўвогуле, прыгожых месцаў у Беларусі шмат, адзначае мастачка.

Ала Кушнер – з Мінска. На пленэры яна таму, што люблю пісаць карціны на прыродзе. Асабліва Але падабаецца працаваць мастыхінам – спецыяльнай невялічкай лапаткай, якой размешваеш, набіраеш фарбы, а пасля кладзеш іх на палатно. Атрымліваецца фактурны, рэльефны жывапіс.

– Мяне ўразіў бераг Віліі, абрыў. У адзін бок – прыгожая далечыня, у другі бок – таксама прыгожая. Проста вочы разбягаюцца. Не ведаеш, з якога боку пісаць. Аднолькавы сюжэт – неба і раку – пісала два разы ў розныя дні. І працы атрымаліся вельмі розныя. А яшчэ люблю працаваць у кампаніі аднадумцаў, – падзялілася мастачка.

Усе мастакі адзначалі, што карціны, напісаныя на пленэры, асаблівыя.

Калі працуеш на прыродзе, то дакладна бачыш і колеры, і лінію далягляду. А атрыманыя эмоцыі натхняюць.

На закрыцці пленэру прысутнічаў дырэктар Вілейскага доследнага лясгаса Дзмітры Грышкевіч. Ён здзівіўся той колькасці карцін, якую мастакі змаглі напісаць усяго за чатыры дні, і выказаў жаданне і надалей прымаць на Вілейшчыне такіх творчых гасцей.

Віктар Данілаў (злева) падарыў адзін са сваіх твораў асабіста начальніку Вілейскага доследнага лясгаса Дзмітрыю Грышкевічу.

Фота аўтара.