Фота teris.com.

Траціна ложкаў у беларускіх бальніцах ужо перапрафілявана для хворых з каронавіруснай інфекцыяй, заявіў міністар аховы здароўя Дзмітры Піневіч у эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

«З аднаго боку мы можам казаць, што ложкаў у нас хапае. Мы перапрафілявалі 32 тысячы ложкаў, гэта траціна ад ложкавага фонду краіны. Безумоўна, гэта шмат. 2500 ложкаў зараз вольныя. Але нам бы хацелася, каб іх было пяць тысяч», — сказаў міністр.

Па словах Піневіча, штам «дэльта» апынуўся больш цяжкім і, адпаведна, больш летальным. Ён распавёў, што з’явіліся цяжарныя жанчыны ў цяжкім стане, у рэанімацыю сталі часцей трапляць пацыенты ва ўзросце каля 30 гадоў, а сімптомы хваробы цяпер выяўляюцца ў тым ліку і ў дзяцей.

«Пытанне нават не ў колькасьці тых, хто захварэў. Пытанне, на жаль, у цяжкасці стану хворых. Калі першыя хвалі ішлі даволі лёгка (так, сапраўды быў пажылы ўзрост), то цяпер і цяжар стану і ўзрост [хворых] знізіліся досыць крытычна », — сказаў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.

Паводле міністра, вакцынацыя ад COVID-19 «зніжае рызыку шпіталізацыі ў 22-29 разоў».

Таксама міністр нагадаў пра прышчэпкі ад грыпу. Паводле яго, сёлета ад грыпу прышчапілася ўжо два працэнты насельніцтва Беларусі.