Пра пажар, які здарыўся 17 кастрычніка ў вёсцы Вязынка, у садовым таварыстве «Лясная быль», нам паведамілі ў Маладзечанскім ГРАНС.

Паведамленне пра здарэнне выратавальнікі атрымалі ў 22.23.

Пасля прыбыцця падраздзяленняў устанавілі, што гарыць двухпавярховая дача адкрытым полымем. Прычына пажару высвятляецца. Разглядаюць парушэнне правілаў уладкавання і мантажу печаў, цеплагенерыруючых агрэгатаў і прылад, а менавіта, выкарыстанне сэндвіч-трубы ў якасці коміна.

Агонь знішчыў дах і маёмасць.

МНС нагадвае! «Сэндвіч-коміны» – гэта «падпальшчыкі запаволенага дзеяння», якія ў большасці зробленыя з матэрыялаў неналежнай якасці і не адпавядаюць умовам пажарабяспекі. Выглядае комін прыгожа, са слоў прадаўцоў – усталёўваецца лёгка і хутка, без працаёмкага цаглянага мура, пылу і шуму.

«Сэндвіч-комін» – гэта дзве трубы з металу таўшчынёй да міліметра, паміж якімі пракладзены негаручы матэрыял-уцяпляльнік. Разлічаныя яны на тэмпературу адыходзячых газаў, як правіла, не вышэй за трыста градусаў, дакладныя дадзеныя павінны быць паказаны ў сертыфікаце пажарнай бяспекі на прадукцыю. Аднак часта яго няма, або прадавец выкарыстоўвае адзін сертыфікат на розныя трубы ад розных вытворцаў.

Уцяпляльнік ў трубе – гэта не супрацьпажарная мера. Ён патрэбны толькі для таго, каб труба «не плакала» кандэнсатам.  У вытворчасці сэндвіч-труб выкарыстоўваецца нержавеючая сталь розных марак, таўшчынёй 0,5-0,7 міліметра. Аднак яна не цеплатрывалая. Труба руйнуецца. Першы контур прагарае за два-тры гады (у залежнасці ад рэжыму эксплуатацыі) разам з уцяпляльнікам, які пры тэмпературы вышэй за 200 градусаў асядае і неўзабаве рассыпаецца ў пацяруху. Застаецца тонкая абалонка. Пры топцы яна распаляецца так, што пажар – гэта натуральнае следства.

Для таго каб пазбегнуць пажараў па прычыне ўстаноўкі ў лазнях і дамах сэндвіч-труб, супрацоўнікі МНС рэкамендуюць:

– Патрабаваць сертыфікат і звярнуць увагу на максімальна дапушчальную тэмпературу газаў.

– Улічыць, на якія ўмовы эксплуатацыі разлічана тая ці іншая канструкцыя. Ад гэтага і трэба адштурхоўвацца, а не ад лічбы на цэнніку.

– І калі ўжо вы вырашылі ўсталяваць у хаце ці лазні сэндвіч-комін, у вашых жа інтарэсах – выканаць патрабаванні пажарнай бяспекі да разделцы коміна печы ад гаручых канструкцый.

– Неабходна «запускаць» першы дым праз цагляны шчыток. Адвод рабіць з таўстасценнай вадаправоднай трубы. У такім выпадку печкавыя газы, праходзячы праз цагляныя каналы, астываюць і ў трубу ўжо сыходзяць, не перавышаючы нарматыўныя паказчыкі ў 180-200 градусаў.

Пры такіх умовах сэндвіч-труба будзе служыць доўга і надзейна.

МНС папярэджвае: прычынай многіх надзвычайных сітуацый з’яўляецца безадказнасць чалавека і невыкананне правілаў пажарнай бяспекі. Не грэбуйце жыццёва важнымі правіламі. Беражыце сябе і сваіх блізкіх. У выпадку пажару і іншых надзвычайных сітуацый неадкладна тэлефануйце па тэлефонах 101 ці 112, не забываючы ўказваць адрас і месца пажару.

Фотаздымкі з месца здарэння забяспечаныя Валянцінай Сопат.