У нядзелю 17-га кастрычніка некалькі дзясяткаў даўншыфтараў і іх сяброў высаджвалі двухгадовыя парасткі сасны. Ініцыятыва належала мясцовай жыхарцы Наталлі Юшкевіч, якая нядаўна абзавялася домам у вёсцы Вялікае Запруддзе. Валожынскі лясгас падтрымаў ініцыятыву і выдзеліў участак у 1,7 гектараў непадалёку ад вёскі Гарадзечна, піша downshifter.by.

Супрацоўнікі лясгасу падрыхтавалі пяць тысяч двухгадовых саджанцаў і спецыяльны пасадачны інструмент — меч Калесава.

Перад пачаткам працы ляснічыя напаілі валанцёраў гарачым чаем, пачаставалі свежымі булачкамі і патлумачылі тэхніку пасадкі. Затым усе прысутныя разбрыліся па вызначанай тэрыторыі і запоўнілі яе малодзенькімі дрэўцамі.

Новы лес будзе расці 80 гадоў. Менавіта такі ўзрост лічыцца ўзростам спеласці сасны, патлумачылі нам у Валожынскім лясгасе.

Пачынаючы ад 81 года лес можна будзе выкарыстоўваць, напрыклад, для нарыхтоўкі дроваў.

Хочацца верыць, што гэтая ініцыятыва прынясе плён — і ў будучыні сагрэе беларускія сем’і халоднай зімой. А да гэтага можна будзе атрымаць асалоду, прагульваючыся па маладым хвойнічку і, магчыма, збіраючы ў ім грыбы.