У Валожыне. Фота Аксаны Ярашонак.

У пракуратуры Мінскай вобласці ёсць пытанні да ўмоў, у якіх жывуць сталыя людзі і людзі з інваліднасцю ў доме-інтэрнаце ў Валожыне, паведамляе prokuratura.gov.by.

Пракуратура Мінскай вобласці сумесна з раённымі цэнтрамі гігіены і эпідэміялогіі праверыла выкананне заканадаўства аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва ў стацыянарных установах сацыяльнага абслугоўвання Вілейскага, Валожынскага і Чэрвеньскага раёнаў.

У ходзе праверкі ўстанавілі, што персанал профільных устаноў у Валожынскім і Чэрвеньскім раёнах не ў поўнай меры прайшоў вакцынацыю супраць COVID-19. У названых цэнтрах не заўсёды выконвалі нарматывы плошчы жылога памяшкання на аднаго чалавека.

У псіханеўралагічным доме-інтэрнаце ў Валожынскім раёне ўстаноўлены парушэнні санітарных норм і правілаў пры арганізацыі дэзінфекцыі пасцельных прыналежнасцяў. У яго жылых карпусах, сталовай і гарачым цэху харчаблока патрэбны рамонт.

Пракуроры таксама заўважылі парушэнне парадку прадастаўлення грамадзянам спецыяльных жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду і кіравання маёмасцю падапечных.

Як вынік – пракуратура Мінскай вобласці ўнесла прадстаўленне ў Мінскі аблвыканкам, у якім прапанавала прыняць комплекс дадатковых мер па стварэнні належных умоў для пражывання састарэлых і інвалідаў у дамах-інтэрнатах.