Віталь (справа з дыпломам) падчас узнагароджання. Фота facebook.com.

Ураджэнец Вілейкі Віталь Алексяёнак стаў пераможцам у міжнародным конкурсе дырыжораў імя Артура Тасканіні, які днямі прайшоў у італьянскім горадзе Парме. Наш зямляк заняў першае месца і атрымаў Прыз глядацкіх сімпатый.

Пра свае ўражанні ад конкурсу і значэнне для яго гэтай перамогі Віталь расказаў журналісту «Рэгіянальнай газеты».

– Уражанні самыя лепшыя, канешне. Выйграў адзін з самых прэстыжных дырыжорскіх конкурсаў у свеце. Рады і ганаруся, удзячны ўсім, хто мяне падтрымліваў. Гэта было цікава.

Не магу сказаць нават, што было цяжка, бо я рабіў тое, што мне вельмі падабалася.

З вялікай радасцю рыхтаваўся да канцэрта, дзе ў большасці была італьянская опера. Супрацоўнічаў з прафесійнымі музыкантамі, аркестрам, хорам, – дзеліцца Віталь.

Момант узнагароджання:

Па яго словах, сярод сябраў журы былі выдатныя музыканты, напрыклад, Фабіа Луізі – сусветна вядомы італьянскі дырыжор, уладальнік прэміі «Грэмі» ў 2013 годзе ў намінацыі «Лепшы оперны запіс».

– Перад выступамі крыху хваляваўся, бо разумеў маштаб гэтага конкурсу. Але калі стаяў на сцэне, думаў толькі пра музыку. – працягвае Віталь –

Рады, што праз мяне больш людзей у свеце даведаліся пра Беларусь. Учора са сцэны тэатра я сказаў, што нарадзіўся ў невялічкім гарадку ў Беларусі, дзе амаль ніхто не ведае, хто такі Тасканіні. Пасля людзі падыходзілі да мяне, і мы нават крыху размаўлялі пра Вілейку.

Перамога ў конкурсе для Віталя – магчымасць выступаць на іншых прэстыжных музычных фестывалях свету. Так, ён ужо атрымаў запрашэнне паўдзельнічаць у вядомым фестывалі Расіні ў італьянскім Пэзаро, будзе канцэрт у кансерваторыі ў Мілане.

– Пачынаецца праца. Буду прафесійна займацца тым, што я так люблю.

А мая падзяка – бацькам і першаму выкладчыку музыкі ў Вілейцы – Фёдару Міхайлавічу Гуру. Без іх нічога б не было, – падсумаваў Віталь.