Фота Bartlomiej Magierowski / East News.

Падзеі мелі месца на Ашмяншчыне, паведамляе Генпракуратура.

Пракуратура Ашмянскага раёна накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да мужа і жонкі, якім інкрымінавалася жорсткае абыходжанне з прыёмнымі дзецьмі, прымяненне да іх не звязаных з гвалтам недапушчальных спосабаў уздзеяння, спалучанага з іх знявагай, што прывяло да істотнага парушэння правоў і законных інтарэсаў падапечных, а таксама катаванне і незаконнае пазбаўленне волі.

Згодна з матэрыяламі справы, 47-гадовая Н. і 52-гадовы К. ад верасня 2014 года былі бацькамі-выхавальнікамі дзіцячага дома сямейнага тыпу ўпраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама.

У перыяд ад 2016 года па чэрвень гэтага года абвінавачваемыя жорстка паводзілі сябе з дзецьмі, якіх выхоўвалі: ужывалі да іх за розныя правіннасці неапраўданы і несуразмерны характару ўчынкаў фізічны гвалт.

У прыватнасці, муж і жонка перыядычна наносілі дзецям пабоі рукамі, рэменем, сабачым павадком, скакалкай. У адным з эпізодаў яны зачынілі пяцігадовую дзяўчынку ноччу ў падвале дома. Прымушалі неаднаразова дзяцей стаяць працяглы час у куце, а таксама «стаяць у паўтара» – абапёршыся спіной да сцяны з напаўсагнутымі нагамі пэўны час.

Органы пракуратуры па дадзеных фактах пачалі крымінальную справу, якую для арганізацыі папярэдняга расследавання перадалі ашмянскім следчым.

Восем непаўналетніх дзяцей, самай малодшай на момант прымянення гвалту было дзесяць месяцаў, прызнаныя пацярпелымі па паказанай крымінальнай справе.

Пасля вывучэння матэрыялаў пракурор прыйшоў да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачання, наяўнасці дастатковых і дапушчальных доказаў, поўным і аб’ектыўным даследаванні абставінаў злачынстваў. Пагадзіўся з кваліфікацыяй зробленага па артыкуле 176, часткі 2 артыкула 154, часткі 1 артыкула 183 Крымінальнага кодэкса.

Меры стрымання, абраныя раней, пракурор, накіроўваючы справу ў суд, пакінуў без зменаў. Н. была заключаная пад варту, а К. меў абавязацельства аб яўцы.

Па фактах парушэнняў заканадаўства ў дзейнасці органаў апекі і папячыцельства, службовых асоб упраўлення адукацыі, ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр» і іншых устаноў пракуратура Ашмянскага раёна ўнесла прадстаўленне старшыні Ашмянскага райвыканкама, у якім запатрабавала ліквідаваць выяўленыя парушэнні ў працы.

Пасля разгляду акту нагляду сем службовых асоб прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці.