Фота realbrest.by.

У Беларусі сталі частымі выпадкі махлярства, калі махляры тэлефануюць, прадстаўляюцца работнікамі «Белпошты» і прапануюць паўдзельнічаць у акцыі або розыгрышы, піша РУП «Белпошта».

Ашуканцы тэлефануюць на мабільны тэлефон і прапануюць паўдзельнічаць у акцыі ці розыгрышы. Абанент павінен адказаць на некалькі пытанняў і адправіць варыянты адказу на прапанаваныя нумары або перайсці па адпраўленых спасылках на несапраўдныя сайты. Так ашуканцы атрымліваюць доступ да мабільнага – і могуць скарыстацца яго дадзенымі або заблакаваць прыладу.

У сектары дастаўкі тавараў, замоўных праз інтэрнэт, таксама пачасціліся выпадкі кібермахлярства. Там ашуканцы выкрадаюць грошы і дадзеныя банкаўскіх карт карыстальнікаў праз несапраўдны сайт РУП «Белпошта».

Дзейнічаюць так: на папулярных бясплатных інтэрнэт-пляцоўках размяшчаюць аб’явы аб продажы розных тавараў. Пакупніку, які зацікавіцца, прапануюць купіць яго праз сэрвіс нацыянальнага аператара паштовай сувязі. Атрымаўшы асабістыя дадзеныя пакупніка, нібыта неабходныя для дастаўкі, «прадавец» дае пакупніку спасылку на фішынгавы сайт і прапануе аплаціць банкаўскай картай. Пры гэтым вонкава сайт можа цалкам капіяваць дызайн партала РУП «Белпошта» і ўтрымліваць даменнае імя, падобнае да арыгінальнага (у прыватнасці, belpost.cc, belpost.site, belpost.one, belpost-pay.fun).

У выніку пакупнік можа страціць не толькі выплачаную за тавар суму, але і ўсе грошы на карце.

Таму, перш чым ўвесці дадзеныя сваёй карты ў якую-небудзь форму, праверце, што даменнае імя «Белпошты» напісана правільна – belpost.by, а сайт з’яўляецца арыгінальным.