Фота europol.europa.eu.

Тры падобныя выпадкі здарылся днямі ў аддзяленнях банка ў Маладзечне, паведамляе УУС Мінаблвыканкама.

44-гадовы жыхар Маладзечна перадаў работніку банка для абмену купюру ў 500 расійскіх рублёў. Пры праверцы атрыманых ад мужчыны грошай спецыяліст звярнула ўвагу на стан банкноты і надпісы на ёй. Жанчына ўбачыла, што купюра – білет «банка прыколаў» і не з’яўляецца плацежным сродкам, пасля чаго націснула трывожную кнопку. Прыехала міліцыя. Як высветлілася, банкноту маладзечанец знайшоў на вуліцы і, не заўважыўшы, што яна сувенірная, вырашыў яе рэалізаваць. На першы погляд, дублікат вонкава падобны на арыгінал і не адразу звернеш увагу на надпіс знізу – 500 дубляў. На сувенірнай банкноце няма ні нумароў, ні ахоўных прыкмет.

У гэты ж дзень спрацавала трывожная кнопка яшчэ ў адным аддзяленні банка.На месцы следча-аператыўная група ўстанавіла, што мясцовая жыхарка прад’явіла касіру да абмену буйную суму наяўнымі. Работнік банка пры візуальным аглядзе засумнявалася ў сапраўднасці купюры ў дзве тысячы расійскіх рублёў. Міліцыянерам жанчына патлумачыла, што грошы ёй падарыла падчас свайго візіту знаёмая, якая стала пражывае ў Расіі. Міліцыянеры канфіскавалі банкноту і накіравалі яе для правядзення экспертызы, праводзіцца праверка.

Быў і трэці падобны выпадак. Пенсіянерка прынесла ў банк купюру сто еўра з прыкметамі падробкі, якія заўважыла спецыяліст пры праверцы сапраўднасці банкноты. У сваю чаргу жанчына патлумачыла міліцыянерам, што банкноту яна знайшла ў штанах, якія купіла некалькі гадоў таму ў сэканд-хэндзе. Згодна з заключэннем экспертаў, купюра з’яўляецца падробленай.