Так выглядае кітайская вакцына, якой у вілейцы прышчапляюць цяжарных. Фота malaysiachinainsight.com.

Ужо трэці тыдзень у Вілейцы вакцынуюць супраць каронавіруса цяжарных жанчын. Праўда, да такой прапановы будучыя мамы пакуль ставяцца з асцярогай.

– Гэта і зразумела – хвалююцца за сябе і за дзіця, – кажа загадчыца паліклінікі Вілейскай ЦРБ Таццяна Аляксандраўна Рамера. – Аднак даследаванні паказваюць, што заражэнне вірусам вельмі небяспечнае для цяжарных.

Калі жанчына захварэе, яна можа нават згубіць дзіця.

Таму вакцынавацца варта. Але ж мы не можам нікога прымусіць. Тлумачым, пераконваем.

Тыя цяжарныя, якія ўжо прышчапіліся, не звярталіся да нас з ускладненнямі. Так, як натуральная рэакцыя арганізма можа быць тэмпература. Асабліва ў маладых жанчын, у якіх добры імунітэт. Мы ўсіх папярэджваем пра гэта.

Па словах доктара, асаблівай розніцы ў тым, на якім тэрміне цяжарнасці прышчапляцца, няма. Аднак на 38-40 тыдні рабіць гэта ўжо няма сэнсу. Лепш прышчапіцца пасля родаў. Бо жанчыны, якія кормяць дзіця грудным малаком, дастаткова ўразлівая для вірусаў катэгорыя.

Таксама доктар раіць цяжарным прышчапіцца і ад грыпу.

Гэта сезонная хвароба, якую ніхто не адмяняў. Прэпаратам вакцынуюць ужо дзесяць год. Ён добра сябе зарэкамендаваў.

Яшчэ Таццяна Аляксандраўна звяртае ўвагу на наступныя моманты:

– Часта можна пачуць: «Зрабіў прышчэпку, а праз дзень-два захварэў. Прышчэпка не працуе». Але гэта не так. Імунітэт супраць хваробы выпрацоўваецца прыкладна на дваццаты дзень і толькі ў тых, хто зрабіў абедзьве дозы вакцыны. Не варта думаць, што зробленая сёння прышчэпка пачне абараняць вас заўтра.

– Хачу заявіць, што на Вілейшчыне ніхто не памёр ад вакцыны. Часам медыкі, якія ходзяць па дамах вакцынаваць людзей у горадзе і на раёне, чуюць: «А вось у адной вёсцы нехта зрабіў прышчэпку і памёр». Гэта няпраўда.

– Вакцына не выключае захворванне на сто працэнтаў. Аднак рызыка цяжкіх формаў і ўскладненнняў у правакцынаваных – мінімальная.