Так выглядае Ілья сёння. Фота vedaj.by.

Выбрананыя карэспандэнцыі з выданняў стогадовай даўніны «Беларускія Ведамасьці» і «Беларускі Звон» пра вёскі і мястэчкі нашага рэгіёна даслаў пазаштатны аўтар Кастусь Шыталь. Прапануем і вам паглядзець, што пісалі пра нашу мясцовасць сто год таму.

Як у мястэчку Ілья Вілейскага павета выбіралі войта

16 кастрычніка ў гміну былі скліканы ўсе солтысы дзеля выбараў новага войта. «Ну, – думалі солтысы, – абяром войта, якога захочам, які будзе наш чалавек і за нас будзе стаяць. Годзе старому войту п’янстваваць і не бачыць п’янымі вачыма нашай крыўды».

Вось нарэшце з’явіўся начальнік Ільскага раёна ў гміну. Сказаўшы солтысам, каб яны глядзелі добра за вартай, за чысцінёй, ён напаследак паказаў беларусам новага войта п. М. – тутэйшага шялхцюка. Паспрабавалі солтысы выказаць свой голас, дык раённы сказаў: «Не ваш інтарэс, пасля новага года вы будзеце выбіраць войтаў».

Вось табе і выбары! І за старым царскім рэжымам мы старшыню ў воласці самі выбіралі.

А цяпер? Цяпер па волі якогась раённага. «Танцуй, уража, як пан кажа».

Як выпісвалі лес у Крэве і дастаўлялі газету ў Радашкавічах

«Krynica» паведамляе з мястэчка Крэва Ашмянскага павета, што ляснічы пан Шутовіч з Гальшан, калі ў яго просяць сяляне даць дрэва з лесу на будоўлю, адказвае: «Падпішыся да Польшчы, дык дастанеш пнёў 80. А калі не, дык нічагусенькі не дастанеш».

Тая ж газета паведамляе з мястэчка Радашкавічы Вілейскага павета, што паштовы служачы, нейкі пан Пятровіч, як разбірае прывезеную пошту, дык «Krynicu» выбірае і паліць у печы.

Валожыншчына. Выхрышчвалі беларусаў да палякаў

На заходняй частцы Беларусі, на так званых Крэсах Усходніх, адбыўся народны перапіс. Рабілі гэты перапіс па вёсках польскія настаўнікі, валасныя пісары і іх памочнікі. Беларускаму настаўніку рэдка дзе давялося прымаць удзел у перапісе.

Так у Валожынскім павеце Лугамавіцкай воласці ёсць 11 настаўнікаў польскіх школ, з каторых адзін беларус. А вось дзесяць з іх атрымалі званне перапісчыкаў, а беларусу адмовілі. Гэтыя так званыя перапісчыкі выхрышвалі беларусаў на палякаў рознымі спосабамі.

Досыць цікавы спосаб выхрышчвання быў ужыты ў вёсцы Дзягілі Жаснянскай воласці, дзе перапісчыкам быў памочнік валаснога пісара пан Чыж.

Вось ён і заспяваў, але не па-чыжынаму: «Калі хто будзе запісвацца, што ён беларус, то трапіць у Менск на пяскі, дык лепей для вас саміх запісацца палякамі».

Пасля такой прамовы пан Чыж ні ў воднага селяніна не запытаў, якой ён нацыі, як быццам бы ў яго такой графы не было, а проста ўсіх і праваслаўных, і каталікоў запісаў  «narodowosci polskej». Трэба заўважыць, што ў вёсцы Дзягілі каталікоў вельмі мала.

Праўды кажучы, гэтаму паночку не ўпершыню змагацца з беларускасцю. Ён лез са скуры вон, каб не дапусціць адчыніць беларускую школу ў Слабадзе. Стагнаў бедны дзень і ноч, пакуль паставіў на сваім. Але жаданай карысці для сябе не здабыў, толькі вёска засталася без школы.

Вельмі цікава ведаць, колькі яшчэ засталося беларусаў на Крэсах і калі гэтых, што засталіся, пад камандаю пана Чыжа пагоняць у Мінск на пяскі.

Гальшаны. Пастанавілі адчыніць польскія школы і ніводнай беларускай

Летась у гэтай воласці было шэсць беларускіх пачатковых школ: у мястэчку Гальшаны, у вёсках Валовікі, Карабы, Міхайлоўшчына, Пакішкі і Навасады. Вучылі ў гэтых школах настаўніца Юзвюк, настаўнік Гулька, настаўніца Рамацэвічанка, настаўнікі Данілевіч, Юрэвіч і Дубнік.

Валасная рада ў нас не выказвае волі свайго насельніцтва: пастанавіла ўсюды ў воласці адчыніць польскія школы і ніводнай беларускай.

Жыхары Гальшанаў і вёсак Корабаў, Валовікаў і Міхайлоўшчыны не згадзіліся з пастановай валасной рады і пачалі дабівацца беларускіх школ. Яны падалі заявы школьнаму інспектару ў Ашмяне і ў Беларускі школьны аддзел пры Дэпартаменце асветы ў Вільні і прасілі пакінуць на сёлетні 1921/22 школьны год у іх беларускія школы. Крыўда для беларускіх школ была такой відавочнай, што інспектар Ашмянскага павету зацвердзіў і на сёлетні год беларускія школы ў гэтых чатырох пунктах, і ўжо там былі заняткі. Але дырэктар Дэпартаменту асветы паперай № 2054 загадаў школьным інспектарам зачыніць усе тыя ўрадовыя беларускія школы, аб якіх не пастанавіла валасная рада. Загад гэты Дэпартаменту асветы ўжо споўнены інспектарам Ашмянскага павету.

У Гальшанскай воласці чатыры беларускія ўрадовыя школы зачыненыя, а настаўнікі звольненыя.

Тое самае зроблена з дзвюма беларускімі школамі ў Крэўскай воласці ў вёсках Арляняты і Бацяняты, дзе вучыць настаўніца Марыя Станкевічанка і настаўнік Стрыга. Насельніцтва страшна абуранае гэткімі пастановамі і патрабуе прызнання правоў на беларускую мову. Людзі ўпэўненыя, што такі несправядлівы загад дырэктара Дэпартамента асветы будзе адменены.

Хаценчыцы. Перапісчыкі пісалі, як ім падабалася

Па загаду статыстычнага ўраду Рэчы Паспалітай ад 30 верасня па 1 кастрычніка павінен быў адбыцца раённы перапіс, але з-за недахопу тэхнічных працаўнікоў перапіс гэты працягнуўся чатыры-пяць дзён. Але не ў гэтым пакрыўдзілі нас, беларусаў. Пакрыўдзілі тым, што карыстаючыся нашай несвядомасцю і няўменнем чытаць па-польску гэтыя перапісчыкі пісалі так, як ім падабалася. Напрыклад, у Чарвякоўскім абводзе быў камісарам нейкі пан Зароўскі, лоўчы з Чарвякоў, які так старанна пісаў, што ўсіх беларусаў хоць на паперы ды зрабіў палякамі, а трэба было напісаць наадварот.

Калі гэтак старанна пісалі ўсе камісары, то можна спадзявацца, што вялікая лічба з’явіцца новых палякаў, якія як лічылі сябе беларусамі, так і лічуць.

А вы, панове камісары, можаце пісаць, калі вам можна перарабляць на паперы беларусаў на палякаў, але ў глыбіні нашых сэрцаў перарабіць нас у вас не атрымаецца.

Валожыншчына. Паліцыянты здзіраць дошчачкі ля хат з подпісам па-беларуску

Гаспадары Забрэскай воласці Валожынскага павету звяртаюцца праз «Беларускія ведамасці» з просьбай да свайго рэвіровага начальніка, каб ён забараніў паліцыянтам здзіраць самадумам дошчачкі ля хат з подпісам па-беларуску. Гэткую дошчачку нядаўна паліцыянт з Забрэззя загадаў зняць гаспадару з Гарадзешні Янку Марзаку. Мы спадзяёмся, пан начальнік, што па вашым загадзе гэты паліцыянт прыйдзе і абвесціць Янку Марзаку, што такія подпісы па-беларуску ўсе могуць рабіць.

Зачынілі беларускія школы ў Гальшанскай, Беніцкай і Крэўскай гміне. Настаўнікаў звольнілі

Год назад адна віленшчына мела каля 200 беларускіх школ. Потым, калі абшар сярэдняй Літвы быў абрэзаны, беларусы мелы тут чатыры-пяць дзясяткаў школ. Ашмянскі павет меў да гэтага часу 24 беларускія пачатковыя школы. Цяпер там, дзе гмінныя рады не адпавядаюць праву выбарнасці і варожа настроеныя супраць беларускасці, пры размежаванні школьных пунктаў, ухваленыя замест беларускіх школ польскія або зусім скасаваны школьны пункт. Ашмянскім школьным інспектарам зачынена 11 беларускіх школ: шэсць у Гальшанскай гміне, тры ў Беніцкай і дзве ў Крэўскай. Усе настаўнікі звольненыя.

У свой час кожная школа падавала школьнаму інспектару пастанову аб далейшым існаванні гэтых беларускіх школ, на што школьная ўлада не звярнула ніякай увагі.