Вось такі ўказальнік з'явіўся ля вёскі. Фота забяспечанае аўтарам.

Мая вёска Сакалоўка, што на Вілейшчыне, прыгожая, хоць без асфальта.

Яна чыстая і мае паўнавартасны еўрапейскі выгляд. І гэта без перабольшвання. За апошнюю чвэрць стагоддзя дамоў у ёй не паменшала, а наадварот, дабудавалася. Пабудовы савецкага часу адрамантавалі нашчадкі або новыя жыхары – дачнікі. Усе падворкі абгароджаныя сучасным матэрыялам. І мабыць, усе даўно забыліся, што такое паркан. Усё гэта цешыць вока, напаўняе радасцю душу.

Праўда знікла, і хутчэй за ўсё ўжо беззваротна, колішняя вясковая інфраструктура – клуб, бібліятэка, ФАП, пошта, лазня, крама, школа, ставы, жывёлагадоўчы комплекс на тысячу галоў…

Усё гэта было, а цяпер няма. Але яно ўжо і непатрэбна. Бо няма каму хадзіць у школу і бегаць на танцулькі ў клуб. Няма каму не толькі на кароўніках працаваць, а нават хадзіць у краму.

Бо ў вёсцы з добрай сотняй падворкаў засталося паўтара дзясяткі вяскоўцаў, якія тут стала жывуць.

Толькі сёлета ў кастрычніку памерла трое карэнных жыхароў, у тым ліку і мой родны 55-гадовы брат Васіль, якога пахавалі нядаўна.

Людзі сыходзяць, але вёска будзе жыць, бо нашчадкі, атрымаўшы ў спадчыну беларускую кемлівасць і працавітасць, працягваюць жыццёвы шлях сваіх продкаў.

Паглядзіце, якую шыльду-указальнік вырабіў нейкі невядомы вясковец – таленавіты майстра. На мой погляд, гэта не проста шыльда, а сапраўдная візітоўка вёскі.

Цікава, хто б гэта мог зрабіць? Каму дзякаваць?

Дзякуй вам, невядомы майстра, за бескарыслівую працу, за мастацкі шэдэўр.