Ілья, 1938 год. Фота забяспечанае Пятром Лампрэхтам.

Фотаздымак Ільі 1938 года нам даслаў чытач, жыхар Польшчы Пётр Лампрэхт. Фота захоўваецца ў яго сямейным альбоме. Нагадаем, што продкі Пятра жылі на Ільяншчыне.

На фота – цэнтр Ільі з помнікам-капліцай у гонар паўстанцаў, якія загінулі пад Уладыкамі ў маі 1863 года. Капліца стяла на месцы перад сённяшнім клубам. А на месцы клуба была ўніяцкая царква, таксама бачная на фота.

Відаць, у аб’ектыў фатографа трапіла нейкая падзея, аднак што менавіта, Пётр не ведае. Людзі на здымку таксама невядомыя.

Адваротны бок фота.

Нагадаем, што помнік-капліцу ў гонар паўстанцаў Каліноўскага паставілі ў 1930 годзе. На яе адкрыццё прыязджаў тагачасны прэзідэнт Польшчы Ігнаці Масціцкі. А святочны абед з гэтай нагоды адбываўся ў маёнтку пана Тукалы ў Асцюковічах.

Унутры капліцы была мармуровая дошка, і на ёй залатымі літарамі напісаныя прозвішчы ўсіх паўстанцаў, якія загінулі ва Уладыках. Разбурылі помнік савецкія ўлады ў 1950-х. Мясцовыя прыгадваюць, што бурылі доўга з сякерамі, кувалдамі, зубіламі. А помнік не паддаваўся, бо быў моцны, якасны бетон.