Фота depositphotos.com.

Дзесяцікласнік адной з маладзечанскіх школ размясціў на гандлёвай пляцоўцы ў інтэрнэце аб’яву аб продажы гульнявой прыстаўкі. У месенджеры вацап з ім звязаўся пакупнік, які прапанаваў заплаціць больш, чым пазначана ў аб’яве: не 260, а 285 рублёў.

Хлопец пагадзіўся. Для пацверджання здзелкі пакупнік выслаў хлопцу копію чэка. Аднак, каб грошы паступілі на карт-рахунак прадаўца, яму неабходна было перайсці па спасылцы.

Прадавец перайшоў па невядомым URL-адрасе, дзе ўвёў нумар банкаўскай карты, тэрмін дзеяння і трохзначны код. Аднак смс-апавяшчэнне з кодам, які пацвярджае паступленне грашай, не дачакаўся. Зайшоўшы ў інтэрнэт-банкінг, ён заўважыў, што з карткі знікла сто рублёў і шэсць капеек.

Па дадзеным факце следчыя ўзбудзілі крымінальную справу па частцы 1 артыкула 212 КК Рэспублікі Беларусь «Крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі». Максімальнае пакаранне, прадугледжанае законам, – пазбаўленне волі да трох гадоў.

Цяпер міліцыянеры ўсталёўваюць асобу і месцазнаходжанне махляра.