Падчас акцыі расказвалі пра рэабілітацыю і дэманстравалі спецыяльныя сродкі.

Як зберагчы сталых блізкіх ад вялікай бяды – падзенняў, пераломаў, страты рухаў? Як дапамагчы ім наладзіць сваё жыццё так, каб звесці рызыку падзенняў і траўмаў да мінімуму? На гэтыя і іншыя пытанні гатовыя адказваць спецыялісты і валанцёры Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва.

На базе Цэнтра цяпер рэалізуецца гуманітарны праект «Комплексны падыход да праблемы зніжэння фактараў рызыкі падзенняў ў дачыненні да сталых людзей».

Удзельнікі атрымлівалі буклеты з карыснай інфармацыяй.

Днямі валанцёры і работнікі Цэнтра зладзілі мерапрыемства ў межах праекта. Каб прыцягнуць увагу валожынцаў да гэтага сацыяльнага выкліку, валанцёры «срэбнага веку» і спецыялісты, якія прайшлі навучанне, зладзілі ў адным з самых людных месцаў Валожына акцыю «Крыштальны ўзрост».

У Цэнтры ведаюць: сталыя людзі больш за іншых схільныя да рызыкі падзенняў, наступствы якіх часам бываюць незваротныя.

Таму падчас акцыі арганізатары распавядалі прахожым пра тое, як прадухіліць падзенні і што рабіць, калі сталы чалавек усё ж упаў, дэманстравалі сродкі прафілактыкі і рэабілітацыі, тлумачылі, як імі карыстацца, раздавалі буклеты, памяткі і каляндарыкі з інфармацыяй.

Падчас акцыі.

У цэнтры кажуць, што падобныя акцыі для Валожына пакуль незвычайныя.

Таму людзі рэагавалі па-рознаму: здзіўляліся, думалі, што тут нешта прадаюць.

Аднак спецыялісты спадзяюцца, што падобныя імпрэзы стануць яркай, даступнай і звычайнай формай інфармавання валожынцаў пра тую ці іншую сацыяльную праблему.

У межах праекта плануюць не менш за тры такія акцыі на вуліцы. Таксама будуць выступленні ў працоўных калектывах. Пакуль абмяркоўваюць фармат.