Днямі вынеслі прыгавор 32-гадовай жыхарцы вёскі Супранеты. Жанчыну абвінавацілі ў забойстве трохмесячнага сына.

Выязное пасяджэнне Гродзенскага абласнога суда праходзіла ў Астраўцы, паведамляе ostrovets.by.

– Устаноўлена, што ўвечары 6 чэрвеня ў стане алкагольнага ап’янення абвінавачаная наўмысна нанесла ўдары рукамі трохмесячнаму сыну, трэсла яго, хапала за шыю, кідала на стол, канапу, падлогу, сціскала рукамі галаву, нанёсшы такім чынам не менш за 11 удараў па розных частках цела, у тым ліку і ў вобласць жыццёва важных органаў – галаву і шыю. У выніку немаўля атрымала закрытую чэрапна-мазгавую траўму, ад якой памерла. У ходзе расследавання сабралі неабвержныя доказы яе вінаватасці, – адзначыў пракурор аддзела пракуратуры Гродзенскай вобласці Мікіта Мыслівец.

Абвінавачаная ў зробленым раскаялася, але прызнала віну часткова.

За забойства заведама малалетняй асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, Гродзенскі абласны суд вынес у дачыненні да маці загінулага дзіцяці абвінаваўчы прысуд і прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 19 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.