Фота habr.com.

Днямі пасля 22-й гадзіны ў двары шматпавярховіка на вуліцы Будаўнікоў у Маладзечне супрацоўнікі патрульна-паставой службы міліцыі заўважылі на лаўцы двух падлеткаў. Па знешніх прыкметах ў міліцыянераў узніклі падазрэнні адносна фізічнага стану падлеткаў: хлопцы паводзілі сябе як п’яныя. Вынікі медыцынскага агляду пацвердзілі падазрэнні – у абодвух у арганізме было больш праміле алкаголю.

Падчас апытання супрацоўніку ІСН удалося высветліць, дзе 16-гадовы падлетак узяў алкаголь. Аказалася, дзве бутэлькі піва 0,9 літра кожная – непаўналетняму прадала 29-гадовая кантралёр-касір супермаркета, размешчанага на вуліцы Скарыны ў Маладзечне. Пасля гэтага двое прыяцеляў адправіліся ў бок жылой забудовы, дзе ў дварах распівалі спіртное.

Факт рэалізацыі слабаалкагольнай прадукцыі пацвердзіла і камера відэаназірання, устаноўленая ў краме. Як патлумачыла супрацоўніца, хлопец, схаваўшы твар за маскай і капюшонам, выглядаў старэй за свае гады, з-за чаго яна не пераканалася ў яго ўзросце.

У выніку ў дачыненні да двух навучэнцаў мясцовага каледжа складзеныя пратаколы за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Іх супрацьпраўные паводзіны разгледзяць на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх. Акрамя таго на працягу года з падлеткамі будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа з боку супрацоўнікаў ІСН, доктара-нарколага і спецыялістаў упраўлення па адукацыі Маладзечанскага райвыканкама.

Прадавец таксама панясе пакаранне. У дачыненні да жанчыны склалі пратакол па частцы 4 артыкула 13.11 КаАП Рэспублікі Беларусь і накіравалі для разгляду ў адміністрацыйную камісію райвыканкаму. Ёй пагражае штраф да дваццаці базавых велічынь (да 580 беларускіх рублёў).