Так касцёл у Альковічах выглядае сёння. Фота з Вікіпедыі.

Вілейшчына. Вёска Альковічы. 1976 год. 11-гадовы Грыша Рудак, савецкі піянер і выдатнік Мацькаўскай школы, паглядзеў па беларускім тэлебачанні праграму пра тое, што трэба шанаваць помнікі архітэктуры. Паглядзеў і так уразіўся, што напісаў на тэлебачанне ліст пра касцёл у суседніх з яго роднай вёскай Альковічах.

Хлопчык справядліва палічыў будынак канца 19-пачатку 20 стагоддзя помнікам архітэктуры і адрасаваў стваральнікам тэлеперадачы ліст пра кепскі стан касцёла, у якім у 1969 годзе здарыўся пажар ад маланкі.

Сам ліст піянера не захаваўся. Аднак да сённяшняга дня ў сталіцы ў сям’і Рудакоў захоўваецца пісьмо, якое пасля ўсяго ў раён мусіла пісаць кіраўніцтва Альковіцкага сельсавета.

«Исполком Ольковичского сельского совета депутатов трудящихся сообщает, что в письме, адресованном Белорусскому телевиденью ученик 5-а класа Матьковской средней школы Рудак Григорий изложил просьбу о принятии направленных на сохранение здания бывшего костёла в дер. Ольковичи, расположенного рядом с д. Матьковцы, в которой проживает автор письма».

Далей у лісце паведамляецца, што пасланне хлопчыка было напісанае пад уражаннем тэлепраграмы і што ў мясцовай школе на ўроках гісторыі і падчас экскурсій у дзяцей выхоўваюць беражлівае стаўленне да помнікаў архітэктуры.

«Мальчик, ошибочно полагая, что здание костёла в д. Ольковичи также относится к числу архитектурно-художественных памятников, проявил заботу о сохранении этого здания».

Раённаму начальству паведамляецца: хлопчыку растлумачылі, што не кожны стары будынак мае гісторыка-культурную каштоўнасць і што будынак касцёла ў Альковічах і не помнік зусім, а звычайны кінуты аб’ект.

Звяртаецца ўвага на тое, што пазіцыя піянера «не имеет религиозной основы» і што «Гриша – пионер, отличник, воспитывается в семье убеждённых атеистов».

Па лістом – подпіс старшыні сельсавета – Т. А. Козел. Аднак па словах Антона Рудака, сына таго самага Рыгора Рудака, ліст у раён пісаў яго дзядуля, бацькаў бацька, а Козел толькі падпісаў.

За падобны учынак сына Грышы бацьку – дырэктару Мацькаўскай школы – пагражала выключэнне з партыі.

– Я пазней зразумеў, што перадача, якую пабачыў тады бацька па БТ, была «Спадчына», і вёў яе Уладзімір Караткевіч. Бо яна акурат тады з’явілася, і іншых такога кшталту не было. Зразумела, што тады бацька яшчэ паняцця не меў, хто такі Караткевіч, таму не запомніў. Але мне такая версія падаецца цалкам верагоднай, – падзяліўся Антон.

Дарэчы, праз 13 год пасля таго пісьма касцёл у Альковічах прызналі помнікам і рэканструявалі.

Копія ліста забяспечаная Антонам Рудаком.