Уручэнне падарункаў за добрыя справы.

– Пасля гульні я адмовіўся ездзіць у школу на машыне, цяпер хаджу пешшу…

– А мы з мамай больш уважліва вывучаем этыкеткі ў крамах…

– А ў нас дома цяпер толькі энергазберагальныя лямпачкі…

Маленькія смаргонскія гімназісты з гонарам расказваюць пра тыя карысныя звычкі, якія набылі падчас гульні «Змяняй сябе, а не клімат». Гульню ладзіў фонд «Інтэракцыя» ў рамках праекта «Пагадненне мэраў для лакалізацыі Мэт устойлівага развіцця ў гарадах Беларусі» пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі і ў партнёрстве з Кліматычным альянсам і выканкамамі Смаргонскага і Кармянскага раёнаў.

Як працавала анлайн-гульня

Сэнс гульні быў у наступным: каманды або асобныя ўдзельнікі рэгістраваліся ў анлайн-інструменце «Change the Future», абіралі прапанаваныя там заданні на экалагічную тэматыку па чатырох напрамках (энергія, спажыванне, мабільнасць і харчаванне), выконвалі іх і зараблялі балы. А ў якасці доказу размяшчалі фота- і відэаматэрыялы, у якіх расказвалі пра выкананне заданняў, у сацсетках з хэштегамі #СтваральнікЭкаПерамен #СоздательЭкоИзменений і #EUSEW21BY.

Пасведчанне з сумай балаў і пакет з падарункамі атрымала кожная каманда.

Так, амаль увесь кастрычнік спаборнічалі Карма і Смаргонь – падпісанты Пагаднення мэраў. Каманды прыбіралі паркі і скверы ў сваіх гарадах, садзілі дрэвы, вывучалі родныя мясціны, гатавалі стравы з арганічных прадуктаў, ладзілі экалагічныя акцыі, «палявалі» на старыя батарэйкі.

Лічбавы анлайн-інструмент ужо аб’яднаў гарады з усёй Еўропы і Бразіліі, а Карма і Смаргонь сталі першымі з Беларусі.

Усяго анлайн-гульня ахапіла 19 каманд і 64 удзельнікаў. А 11 каманд размясцілі вынікі свайго ўдзелу ў сацсетках. У напружанай барацьбе перамагла Карма.

«Зорачкі», «Валошкі», «Гаспадары», «Сябры»

Аднак і ў каманд са Смаргоншчыны былі падставы для гонару. У гэтым мы ўпэўнілся, наведаўшы 16 лістапада Смаргонскую гімназію – установу адукацыі, адкуль было найбольш удзельнікаў. А ўвогуле, фонд «Інтэракцыя» і гімназію звязвае даўняе і паспяховае супрацоўніцтва.

Кожны год гімназія ўдзельнічае ў Днях Энергіі.

Вольга Салахеева і Дар’я Сцяпнова ў гасцях у смаргонскіх гімназістаў.

Прадстаўніцы фонда Вольга Салахеева і Дар’я Сцяпнова прывезлі сюды сертыфікаты ўдзельнікаў і падарункі.

Удзельнікі.

Майкі, канцылярскія прылады, тэрма-кубкі, торба-шоперы, флікеры ўручылі камандам пачатковых класаў Смаргонскай гімназіі – «Зорачкам», «Валошкам», «Гаспадарам» і «Сябрам».

Свой пакет з падарункамі атрымала таксама і каманда «Бяссонныя», куды ўвайшлі вучні старэйшых класаў сярэдняй школы №7 са Смаргоні.

Чым парадавала Крэва

А вось найлепшая каманда Смаргоншчыны жыве ў старажытным Крэве. Сюды арганізатары заехалі крыху раней, каб уручыць удзельнікам падарунак – набор відэаблогера.

Найлепшая каманда Смаргоншчыны – «Крэва».
Агульнае фота.

– Крэва вельмі ўсцешыла і прыемна здзівіла нас – і тым, што яны набралі найбольшую колькасць балаў сярод каманд Смаргоншчыны, і тым, што дзеці ў мясцовай школе навучаюцца па-беларуску. У размове ўдзельнікі прызналіся, што нашы беларускамоўныя заданні абсалютна не выклікалі ў іх цяжкасцей, – падзялілася камунікацыйны спецыяліст праекта Вольга Салахеева.

… А прыемным бонусам да падарункаў стаў салодкі стол з печывам, цукеркамі ды сокам. Вядома, у шматразовых шкляных кубачках.

Арганізатары звяртаюць увагу, што ўжо зараз можна дапамагчы свайму гораду стаць экалагічным. Анлайн-інструмент прапануе гарадам і камандам паўдзельнічаць у стварэнні ўстойлівага жыцця для ўсіх.

Мясцовы фонд садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва «Інтэракцыя» УНП 194902593.