Геафізік з Маладзечна Наталля Красноўская ў дзяцінстве збірала паштоўкі. У дарослым жыцці дзіцячае захапленне забылася. Але неяк Наталля ўбачыла ў прэсе артыкул пра дзяўчыну-посткросера. І зацікавілася.

Як усё пачыналася

Дзевяць год таму маладзечанка зарэгістравалася на афіцыйным сайце посткросераў. За гэты час яна не толькі адправіла шмат паштовак па афіцыйным сайце, але і абменьвалася імі наўпрост з такімі ж зацікаўленымі людзьмі.

Паступова прыйшла ідэя зладзіць сустрэчу посткросераў у Маладзечне.

– У Беларусі праводзяцца сустрэчы посткросераў. Спачатку быў Мінск, пасля падцягнуліся Брэст, Паставы, Віцебск. Ідэя зладзіць такую сустрэчу ў Маладзечне даўно лунала ў паветры, але патрэбны быў штуршок. І ён прыляцеў у выглядзе пытання ад арганізатара мінскіх сустрэч: «А чаму б не зрабіць падобную імпрэзу ў Маладзечне?» – расказвае Наталля журналісту.

Да сустрэчы выпусцілі спецыяльны штамп

Маладзечанка занялася арганізацыяй, з’явіліся памочнікі. Хтосьці падказаў месца для сустрэчы, хтосьці дапамог з макетам паштоўкі і арганізацыяй пячаткі.

А «Белпошта» выпусціла да сустрэчы спецыяльны штамп і пасадзейнічала, каб на імпрэзе  быў іх прадстаўнік з прыгожай пераноснай скрыняй.

Наталля прызнаецца: хацела, каб на мерапрыемстве было больш посткросераў з Маладзечна, аднак яна ведала толькі некалькіх. Тых і запрасіла. Анонсы змяшчалі ў тэматычных групах у сацсетках. Праз афіцыйны сайт маладзечанка накіравала запрашэнні посткросерам Вілейкі, Смаргоні, Валожына.

528 паштовак – у розныя куткі свету

– Сустрэча прайшла на пазітыве. З Маладзечна было шэсць посткросераў. Таксама да нас прыехалі госці з Мінска, Ждановічаў, Бараўлян, Заслаўя, Жодзіна, Магілёва, Брэстчыны, – распавядае Наталля.

Падчас сустрэчы 24 удзельнікі падпісалі 528 паштовак, якія ў гэты ж дзень паляцелі ў розныя куткі свету.

Наталля спадзяецца, што падобныя сустрэчы стануць традыцыйнымі і чакае, што ў наступны раз да посткросераў Маладзечна далучацца ўдзельнікі з усяго рэгіёна.

І яшчэ раз пра посткросінг

Посткросінг — анлайн-праект, створаны для магчымасці дасылаць і атрымліваць паштоўкі з усяго свету. Дэвізам праекта з’яўляецца фраза «адсылай і атрымоўвай паштоўку ад выпадковага чалавека недзе ў свеце!»

Ідэя праекта — абмен паштоўкамі паміж людзьмі па ўсім свеце. Удзел у посткросінгу з’яўляецца бясплатным, не ўлічваючы кошту паштоўкі і паштовай маркі. Увогуле, абмен паштоўкай паміж двума ўдзельнікамі адбываецца толькі аднойчы, за выключэннем абмену па-за праектам.

За 12 гадоў існавання праекта ўсімі ўдзельнікамі было адпраўлена больш за сорак мільёнаў паштовак, якія прайшлі амаль 104 мільярды кіламетраў. Найбольшую актыўнасць праяўляюць Германія, Нідэрланды і Фінляндыя, а таксама Расія, ЗША, Кітай і Беларусь.

Сачыць за навінамі посткросераў у Маладзечне можна ў гэтай суполцы.

Фотаздымкі забяспечаныя Наталляй Красноўскай.