Два міні-заводы па вырабе самагону ліквідавалі днямі на Маладзечаншчыне.

Першы – на завулку Сонечным ў Маладзечне. «Бровар» размясцілі ў гаражы на прыватным падворку 42-гадовага мясцовага жыхара. Калі бутлегера прыехалі праверыць супрацоўнікі міліцыі, то заспелі мужчыну з «гарачай» самагонкай на руках і буйной партыяй брагі. Да візіту міліцыі ён паспеў прыгатаваць 780 літраў самаробнага алкагольнага напою, якія захоўваліся ў 30 каністрах аб’ёмам па 30, 25 і 20 літраў. Больш выгнаць не атрымалася – у шасці палімерных ёмістасцях заставаліся «выходжваць» яшчэ тры тоны брагі. Сам вытворчы агрэгат працаваў на газе, які паступаў да апарата ад балонаў. Мужчына патлумачыў, што самагон рабіў для сябе. Яму не паверылі.

Нелегальны міні-завод міліцыя закрыла, самагонную брагу канфіскавалі і знішчылі. Апарат і самагон канфіскавалі. Узоры напою накіравалі на экспертызу.

Не чакаў прыезду міліцыі і беспрацоўны 30-гадовы жыхар вёскі Маліноўшчына, які наладзіў нелегальную вытворчасць моцнага напою надалёка ад буйнога спіртагарэлачнага завода. Калі міліцыянеры прыехалі па адрасе, у гаспадарчай пабудове вясковец пачынаў справу. У выніку з незаконнага абароту канфіскавалі больш за восем тон самагоннай брагі і само абсталяванне для вытворчасці хмельнага напою. Мужчына мае нявыплачаны штраф: літаральна пару месяцаў таму тут было знішчана каля дзевяці тон брагі.

У дачыненні да бутлегераў пачалі адміністрацыйны працэс па артыкуле 13.27 КаАП.