Аўтамабіль пасля аварыі. Фота забяспечанае Дыянай галуза.

Учора ўвечары на Маладзечаншчыне адбылося смяротнае ДТЗ.

Каля 18.30 50-гадовая жанчына-кіроўца на аўтамабілі «Шэўрале» ехала па дарозе «Маладзечна-Хажова-Ермакі» у кірунку Хажова. На чацвертым кіламетры аўтадарогі, недалёка ад вёскі Мойсічы, яна наехала на 75-гадовага мужчыну-пешахода, жыхара Мойсічаў.

Мужчына ішоў насустрач па паласе руху аўто. Ад атрыманых траўмаў вясковец памёр на месцы здарэння. Праверкай ДТЗ займаюцца маладзечанскія следчыя, расказала інспектар па адміністрацыйнай практыцы АДАІ Маладзечанскага РАУС Дыяна Галуза.

Таксама ў ДАІ паведамілі, што за дзень да смяротнага ДТЗ гэтага пешахода прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за тое, што ён быў на дарозе без флікера.

Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе пешаходам:

– падыходзячы да праезнай часткі, спыніцеся;

– пераканайцеся, што транспартныя сродкі спыніліся;

– не карыстайцеся мабільнымі тэлефонамі, зніміце навушнікі і капюшон, парасон падыміце вышэй. Гэтыя прадметы адцягваюць увагу і памяншаюць агляд;

  • малалетніх дзяцей вазьміце за руку;
  • пры пераходзе праезнай часткі злазьце з ровара (самоката, скейта);
  • у цёмны час абазначайце сябе святлоадбіўнымі элементамі;
  • памятаеце, што спыніцца аўтамабілю значна складаней, чым вам.

Дзяржаўтаінспекцыя Маладзечанскага РАУС заклікае кіроўцаў да падвоенай увагі за рулём, асабліва ва ўмовах абмежаванай бачнасці і пры неспрыяльных умовах надвор’я.

Акрамя таго, адной з прычын траўміравання пешаходаў на дарогах з’яўляецца недысцыплінаванасць кіроўцаў і невыкананне патрабаванняў Правілаў, у частцы праезду імі нерэгулюемых пешаходных пераходаў і прадастаўлення перавагі пешаходам.

Пешаходны пераход з’яўляецца небяспечным месцам. Небяспека можа пагаршацца абмежаваным аглядам, вялікай колькасцю пешаходаў, сярод якіх адзін апынецца нецярплівым.

Паважаныя кіроўцы!

Пры набліжэнні да пешаходнага пераходу варта загадзя знізіць хуткасць, аж да прыпынку, павысіць увагу, ацаніць умовы бачнасці і агляду. Неабходна прапусціць пешаходаў,  якія пачынаюць або завяршаюць пераход.

Паважаныя пешаходы!

Перад пачаткам пераходу пераканайцеся, што выхад на праезную частку дарогі бяспечны. Неабходна спыніцца каля краю праезнай часткі, паглядзець па баках, пераканацца, што кіроўцы вас заўважылі, паспелі спыніць транспартныя сродкі і толькі тады пачынаць пераходзіць дарогу. Пры пераходзе праезнай часткі не размаўляйце па мабільным тэлефоне, адключайце навушнікі, малалетніх дзяцей бярыце за руку.

Дзяржаўтаінспекцыя звяртаецца да ўсіх удзельнікаў дарожнага руху: калі вы бачыце паблізу праезнай часткі пешахода (веласіпедыста), які знаходзіцца з характэрнымі прыкметамі ап’янення, відавочна прадстаўляе небяспеку для руху, просім вас неадкладна паведамляць на тэлефонную лінію 102.