Фота Настассі УТКІНАЙ.

Папярэднія даныя паказваюць на павышаную рызыку паўторнага заражэння ўжо перахварэлых пры кантакце з новым штамам «амікронам». Пра гэта заявіла Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ).

У арганізацыі падкрэслілі, што пакуль няма дастатковай колькасці даных, якія пацвярджаюць інфармацыю аб тым, што новы штам каранавіруса «амікрон» больш небяспечны за «дэльту». «Пакуль не ясна, ці з’яўляецца «амікрон» больш трансмісіўным — напрыклад, лягчэй перадаецца ад чалавека да чалавека — па параўнанні з іншымі варыянтамі, у тым ліку варыянт «дэльта», — гаворыцца ў паведамленні.

У СААЗ адзначаюць, што колькасць людзей з станоўчым вынікам тэсту на каранавірус у ПАР, дзе зафіксавалі ўспышку новага штаму, павялічылася, аднак эпідэміялагічныя даследаванні працягваюцца, каб зразумець, ці звязана гэта з «амікронам» ці ж на гэта паўплывалі іншыя фактары.

Як заяўляюць спецыялісты СААЗ, пакуль таксама застаецца незразумелым, ці прыводзіць амікрон-штам да больш цяжкага цячэння хваробы ў параўнанні з іншымі мутацыямі інфекцыі.

Таксама пакуль няма інфармацыі пра адрозненне сімптомаў гэтага штаму ад іншых.