Якія вакансіі на прадпрыемствах і ўстановах Вілейшчыны прапануе сайт Дзяржаўнай службы занятасці ў першыя для снежня? 

Пачынаюць спіс прапановы ад Вілейскай гімназіі №1 «Логас». Сюды патрэбныя прыбіральшчыкі і шэф-повар на стаўку, а таксама сацыяльны педагог і повар на палову стаўкі. Шэф-повар атрымае ад 700 рублёў, адзін прыбіральшчык – ад 417, 86, другі – ад 410. Повару на палову стаўкі прапануюць ад 250, сацпедагогу – ад 500.

Таксама запрашаюць у сельскую гаспадарку Вілейшчыны. Ёсць вакансіі ад УП «Першы Беларускі», што ў Людвінове. Возьмуць некалькіх брыгадзіраў, электрагазазваршчыка, ветфельчара, галоўнага інжынера-механіка, аператара машыннага даення, жывёлавода. Найбольшы заробак – 1300 – прапануюць галоўнаму інжынеру, 800 атрымае ветфельчар, брыгадзіры – ад 700 да 850 рублёў, аператар машыннага даенняя – ад 750 да 1000. За астатнія вакансіі прапануюць менш.

Спецыялісты ў сельскай гаспадарцы патрэбныя і на прадпрыемства «Алая зара», што ў Ерхах. Гэта галоўны эканаміст і галоўны ветдоктар. Заробкі абодвум – ад 900.

У вілейскую раённую газету патрэбны намеснік галоўнага рэдактара. Кандыдат павінны быць камунікабельным, упэўнена валодаць камп’ютэрам, выдатна ведаць рускую і беларускую мовы, мець вышэйшую прафесійную адукацыю. Заробак – ад 800 рублёў. Сюды ж патрэбныя карэктар і фотакарэспандэнт. Заробкі абодвум – ад 430.

У дзіцячы садок-школу ў Чурлёнах на паўстаўкі возьмуць педагога-псіхолага. Заробак – ад 200. У тэрытарыяльным цэнтры сацабслугоўвання чакаюць сацыяльных работнікаў. Заробак на стаўку – 410 рублёў.

На завод «Буддэталі» возьмуць прыбіральшчыка і кантралёра дрэваапрацоўчай вытворчасці. Абяцаюць плаціць 520 і 700 рублёў адпаведна.

Загадчыка склада шукаюць на Вілейскай гатункававыпрабавальнай станцыі. Заробак – 600 рублёў.

У аддзяленне Белаграпрамбанка возьмуць спецыяліста з вышэйшай адукацыяй. Заробак – 749 – 1785 рублёў.