Фота nurenbergia.com.

У нашага Дзеда Мароза ёсць спадарожніца – унучка Снягурка. А хто ж дапамагае разносіць падарункі нямецкаму Дзеду Марозу?

Як завецца і выглядае нямецкая Снягука

У нямецкага Вайнахтсмана ўнучкі няма, але без дапамогі ён не застаецца. Яго суправаджае Крысткінд – у літаральным перакладзе «немаўля-Хрустос».  Звычайна дзяўчыну малююць  анёлкам з бялявымі валасамі. Яна апранутая ў белы ці  залацісты ўбор, твар яе  хавае белая вуаль. На галаве ў Крысткінд – карона, што сімвалізуе німб. А за спінай залацістыя крыльцы, як і належыць анёлку.

Яна заўсёды носіць вялікі кошык з яблыкамі, арэхамі і прысмакамі. Пачастункі казачная дзяўчына раздае паслухмяным дзецям. Але нават у гарэзаў ёсць шанец атрымаць  гасцінец ад яе ў калядныя святы. Для гэтага трэба расказаць верш ці праспяваць песню.

Адкуль узялася Крысткінд

Гэтага персанажа прыдумаў ў 16 стагоддзі Марцін Лютар, заснавальнік пратэстанцкага  руху. Яго паслядоўнікі не прызнавалі каталіцкіх святых. Але дзеці на Каляды чакалі падарункі.

Тады замест Святога Нікалаўса ў пратэстанцкія сем’і стала прыходзіць Крысткінд. З часам гэты персанаж прыжыўся і ў каталікоў, а ў пратэстантаў, наадварот, Крысткінд знікла. Да дзяцей у Калядную ноч цяпер прыходзіць адзін Вайнахтсман.

Як стаць Крыскінд

У Нюрнбергу ёсць свая асобная Крысткінд, якая ўжо амаль сто гадоў штогод з’яўляецца на калядным кірмашы ў чалавечым абліччы. Спачатку ролю Крысткінд ігралі актрысы, а з 1969 года роля каляднага анёла кожныя два гады пераходзіць да новай прэтэндэнткі: яе супольна абіраюць гледачы і адмысловае журы.

Паводле правілаў, дзяўчыне павінна быць ад 16 да 19 гадоў, рост – не ніжэй за 160 сантыметраў. Дзяўчына павінна нарадзіцца ці жыць у Нюрнбергу і не баяцца вышыні, бо Крысткінд адкрывае свой кірмаш, стоячы на балконе царквы Дзевы Марыі.

Прыкладна сорак канкурсантак адказваюць журы на пытанні па гісторыі Нюрнберга, чытаюць верш, а шэсць фіналістак дэкламуюць перад суддзямі знакаміты пралог Крысткінд. Пралог быў напісаны ў 1948 годзе драматургам Фрыдрыхам Брогерам:  у вершаваных радках  дзяўчына вітае наведнікаў, якія некалі былі дзецтмі на вечна юным кірмашы.