Маэстра Фінберг у Маладзечне. Фота zviazda.by.

Сёння раніцай стала вядома пра смерць дырыжора, музыканта, мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, Народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга.

З просьбай прыгадаць маэстра «Рэгіянальная газета» звярнулася да маладзечанца, калегі і сябра Міхаіла Фінберга, кіраўніка сімфанічнага аркестра ў Маладзечне Рыгора Сарокі.

У творчым сяброўстве не было зайздрасці

– Вялікая жыццёвая дарога звязвала нас з Міхаілам Якаўлевічам. Пазнаёміліся мы падчас першага Фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. З гэтага часу і пасябравалі. Тыя першыя фестывалі былі вельмі цёплымі. Горад ажыў у культурным сэнсе, прыязджала шмат людзей. Пасля сустракаліся на кожным фестывалі і на іншых музычных імпрэзах.

Многія скардзіліся на няпросты характар Фінберга. Але мы з ім ні разу не пасварыліся.

Ён паважаў маю творчасць, уключаў у журы на фестывалях, стараўся бываць на канцэртах майго калектыву, а я – на яго. У нашым творчым сяброўстве не было зайздрасці, – падзяліўся Рыгор Сымонавіч з журналістам.

Цяжка кіраваць калектывам таленавітых людзей

Па словах суразмоўцы, ён як дырыжор і кіраўнік сімфанічнага аркестра ў Маладзечне выдатна разумее, як няпроста шмат гадоў утрымліваць у славе творчы калектыў таленавітых, эмацыйных, а часам нервовых людзей. Гэта вельмі цяжка псіхалагічна, адзначае Рыгор Сарока.

– Смерць Міхаіла Фінберга – вялікая страта для мастацтва, – працягвае ён. – Значную ролю адыграў маэстра ў правядзенні фестываляў, і не толькі ў Маладзечне.

А што да маладзечанскага фестывалю, то Фінберга можна назваць яго бацькам.

Мы часта сутракаліся і ў музкаледжы, і ў Палацы культуры ў Маладзечне. Ездзілі разам на машыне, пілі чай у маім кабінеце, шмат размаўлялі пра музыку. Фінберг выхаваў выдатны калектыў і здабыў славу для музычнага мастацтва Беларусі. Яго ведаюць эстрадныя артысты ва ўсіх краінах былога СССР.

Жывеш у чаканні званка з самотнай навіной

Па словах Рыгора Сарокі, маэстра да апошняга быў з любімай справай, хоць меў праблемы са здароўем.

А яшчэ ён вельмі цёпла ставіўся да беларускай мовы і практычна ўсе свае інтэрв’ю даваў па-беларуску.

– Шмат сяброў, калег памірае апошнім часам. Час такі, што ці не кожны дзень жывеш у чаканні званка з самотнай навіной. Часта езжу на пахаванні. За непрацяглы час памерлі Аляксандр Ціхановіч, Міхась Дрынеўскі, Валеры Іваноў, Алег Залётнеў, з якім мы разам працавалі над операй «Агінскі. Невядомы партрэт». А цяпер вось, Міхаіл Якаўлевіч. Яшчэ не ведаю, калі развітанне, але абавязкова паеду. Шкада, што жыццё чалавека такое кароткае, – падсумаваў Рыгор Сарока.

Міхаіл Фінберг: “Музыка ў бядзе”