Вольга і Канстанцін Марысаевы, пра сям'ю якіх будзе гаворка ў артыкуле.

На Навасёлкаўскіх могілках пры самай дарозе ёсць пахаванне. На помніку з мармуровай крошкі з фотаздымкам чалавека, апранутага ў вайсковы кіцель без пагонаў, надпіс: «Марысаеў Канстанцін Анатольевіч, 1905 г.н. Загінуў 9 красавіка. Памяць ад жонкі і дзяцей».

Вось яно – тое пахаванне ў Батурыне.

За гэтым пахаваннем я назіраў доўгі час, лічачы яго партызанскім. Але высветлілася, што з мясцовых ніхто не ведае ні пра пахаванне, ні пра тое, хто яго даглядае. Не ведалі гэтага і ў Хаценчыцкім сельсавеце, і ў Вілейскім краязнаўчым музеі. Доўгі час я прыязжаў па вялікіх святах на могілкі ў спадзяванні сустрэць наведнікаў таго пахавання. Але нічога не атрымался.

А сёлета ранняй вясной я на загадкавай магілцы пакінуў запіску для наведвальнікаў са сваім тэлефонам і просьбай патэлефанаваць.

Валянціна Марысаева – дачка пахаванага ў Батурыне вайскоўца.

Праз некалькі тыдняў адгукнулася жанчына з Лагойска. Прадставілася Валянцінай Канстанцінаўнай Марысаевай, дачкой загінулага вайскоўца, што пахаваны ў Навасёлках. І так аказалася, што я часткова ўжо чуў гэтую гісторыю. Праўда, у іншых абставінах. Але пра ўсё па парадку.

Дзіцячыя ўспаміны пра пачутую гісторыю загінулых вайскоўцаў

У адной са сваіх кніг я ўжо распавядаў пра вялікі сялянскі род Арцішэўскіх з вёскі Батурына на Вілейшчыне. І вось сёлета сутыкнуўся з новымі звесткамі пра аднаго члена гэтай  сям’і – Вітака, 1927 года нараджэння.

Мой тата, будучы цудоўным столярам, яшчэ з запольскіх часоў з Арцішэўскімі меў сяброўскія адносіны. Гэтыя хлопцы ніколі не міналі нашай хаты. Калі бывалі ў маіх родных Чарвяках (цяпер Сакалоўка), кожны раз наведваліся да татавай сталярні, каб адпачыць і пагутарыць. У размовах прыгадвалі трагічны час мінулай вайны. Гутарка ішла ў татавай майстэрні.

А я, уладкаваўшыся ў кутку на габлюшках, з цікавасцю слухаў. Ад пачутага часам здараліся дзіцячыя слёзы.

Шматлікія расповяды ўрэзаліся ў маю памяць на ўсё жыццё. У тым ліку Вітакаў расповяд пра выкраданне ў немцаў арыштаваных і закатаваных імі двух савецкіх вайскоўцаў.

Вітак у 1941 годзе, калі гітлераўская Германія напала на Беларусь, меў пятнаццаты год. Але ён ужо мог адрамантаваць ці не любую тэхніку. Гэта дапамагала зарабляць кавалак хлеба і звяртаць на сябе ўвагу.

Не толькі Вітак, але і ўся вялікая сям’я Арцішэўскіх, мела статус самай аўтарытэтнай сям’і і ў Батурыне, і за яго межамі.

І вось  тады ў тым самым 41-м несалодкае рэпрэсіўнае даваеннае жыццё перайшло ў больш страшнае ваеннае ліхалецце. Савецкая ўлада, якая 17 верасня 1939 года ціха і хутка заняла Батурына, гэтак жа хутка яго і пакінула на другі дзень вайны, 23 чэрвеня 1941. Гэтак хутка, што не здолелі мабілізаваць у войска ніводнага батурынца.

Вацлаў Сэнк, ксёндз батурынскага касцёла, не пакінуў сваіх парафіян у адзіноце і прыняў на сябе яшчэ свецкія, уладныя абавязкі. Вітак быў сумленным да каталіцкай веры. Рэгулярна наведваў касцёл, прыслухоўваўся да парад ксяндза. Аднойчы ў пачатку красавіка 1942 года ксёндз Вацлаў распавёў Вітаку пра тое, што ў Лукаўцы ў ліпавай алеі ніжняга парку маёнтка пана Бароўскага ўжо каторы дзень ляжаць закатаваныя немцамі два чалавекі – ці то партызаны, ці то ваеннапалоныя. І што яны быццам бы з Усходняй Беларусі, і што за адным з іх прыходзіла жонка, каб забраць і пахаваць яго па-чалавечы. Але паліцаі-ахоўнікі пад пагрозай расстрэлу не дазволілі ёй гэта зрабіць.

З просьбай дапамагчы пахаваць людзей Вацлаў Сэнк звярнуўся да Вітака. І падзяліўся з хлопцам сваім планам па выкраданні загінулых. Ксёндз сказаў, што ў прызначаны дзень пад вечар ён правядзе ў маёнтку перадсвяточную службу, на якой будуць усе немцы і паліцаі з сядзібнага дома паноў Бароўскіх. Да гэтага часу Вітак павінен будзе запрэгчы ў санкі сваю карову Ляльку. На той час яна не толькі малако давала, але і конскую працу выконвала, бо ў вёсцы не засталося коней. Адных немцы забралі, другіх – лясныя бандыты. У пачатку вайны іх шмат па лясах швэндалася. Рабавалі, гвалцілі, забівалі, пакуль не з’явіліся першыя партызанскія атрады.

Хоць і красавік быў на двары, але снегу хапала, каб Ляльку запрэгчы ў санкі. Было дамоўлена, што Вітак у прыцемках выедзе ў маёнтак, быццам бы за ксяндзом. А калі апынецца ў маёнткавым парку ў прызначаным месцы і зразумее, што вакол нікога няма, пакладзе загінулых на санкі і з’едзе. Усё атрымалася.

Загінулых у форме чырвонаармейцаў юнак давёз на навасёлкаўскія могілкі. Там іх разам і пахаваў на ўзгорку пры дарозе. Немцы прапажу агледзелі толькі ранкам, але асабліва не шукалі.

Вітак на той час нават не ведаў, хто такія забітыя, якіх ён выкраў і пахаваў. І толькі пасля вайны пра аднаго з іх стала вядома. Аднойчы восенню 1944 года ў спаленае фашыстамі Батурына да зямлянкі Арцішэўскіх прыйшла жанчына. Яна яшчэ ў 1942 спрабавала сама забраць цела мужа, забітага ў маёнтку Бароўскіх, ды не атрымалася. Пасля вызвалення да яе дайшлі чуткі, хто тады выкраў у немцаў цела яе мужа. Накіраваў яе да Арцішэўскіх перад сваім ад’ездам у Польшчу ксёндз спаленага немцамі батурынскага касцёла Вацлаў Сэнк.

Вось гэтую гісторыю мне давялося пачуць ад Вітака Арцішэўскага больш за паўстагоддзя таму.

Чаму я вярнуўся да ўспамінаў, пачутых у дзяцінстве

Вядома, званок Валянціны Канстанцінаўны, прымусіў мяне вярнуцца да Вітакавых успамінаў. Бо як пазней высветлілася, Канстанцін Марысаеў – бацька Валяніціны – гэта той самы загінулы, цела якога па просьбе ксяндза пахаваў Вітак разам з другім закатаваным вайскоўцам.

Амаль праз 80 год усё ўстала на свае месцы.

Пра карані Валянціны па кудзелі

Пазнаёміўшыся з Валянцінай Канстанцінаўнай, праз тэлефонныя размовы я больш даведаўся пра яе сям’ю. Аказалася, карані яе па лініі маці цягнуцца з Вілейшчыны. Дзядуля, Гіль Павел Антонавіч, 1872 года нараджэння, з-пад Іжы, а бабуля, Гіль Лізавета Лаўрэнцеўна, з Ільі. Былі яны абвянчаныя напрыканцы 19 стагоддзя ў Іжанскай царкве. У ёй жа хрысціліся ўсе іх дзеці: Ганна, Якім, Лідзія, Пётра, Марыя, Дзмітры, Сямён, Ксеня, Вольга і Канстанцін. Калі ў 1914 годзе пачалася Першая сусветная, сям’я Гіляў вырашыла з’ехаць. Перабраліся на Лагойшчыну, у маёнтак Вяпраты, уласнікамі якога былі ці то Ляховічы, ці то Бароўскія.

Хата Гілёў у Вяпраце. 1916 год.

Атрымаўшы ў пана часовае жытло, дзед Павел пайшоў прыслужваць у малабясяцкую царкву. А баба Лізавета была служкай пры панскім двары. Талакой рамантавалі куплены побач з дваром занядбаны дом, у які пад восень 1915 і засяліліся. А на любай Іжаншчыне вайна ішла поўным ходам. Яе грамыханне было чуваць нават у Вяпраце.

Праз год пад коламі панскай брычкі загінула баба Лізавета. Пахаванне пан наладзіў на радзіме загінулай, у Ільі.

Павел Антонавіч мусіў адзін працаваць і выхоўваць дзяцей. У раннім дзяцінстве хваробы забралі самых малых – Сямёна і Ксенію. Астатніх выхаваў ўсіх, толькі не ўсіх у людзі выправіў. Не паспеў, бо надышоў 1937 год…

Гілі Пётр, Дзмітры, Вольга і Лідзія.

Валянціна Канстанцінаўна і сёння не ведае, за што можна было рэпрэсаваць яе дзеда – царкоўнага прыслужніка, яе цётку Ганну – батрачку і дзядзьку Дзмітрыя, так сама батрака. Сям’я мела аднаго каня і невялікі кавалак зямлі.

Па словах сваякоў, яны  былі арыштаваныя і адпраўленыя на спецпасяленне ў Комі толькі за тое, што ў Заходняй Беларусі, у Ільі, жылі іх родныя.

У дзеда Паўла праз два гады не вытрымала сэрца. На чужыне і пахавалі. Яго дачка Ганна пражыла тут да глыбокай старасці. Сын Дзмітры быў мабілізаваны ў Чырвоную армію, калі пачалася Другая сусветная. Прайшоў фінскую і Айчынную.

Бацька Вольгі Павел Гіль (у цэнтры). З ім дзеці – Марыя, Ганна, Дзмітры і дзве суседкі.

З баявымі ўзнагародамі, згодна прысуду, вымушаны быў вярнуцца назад на спецпасяленне ў Комі. Праз нейкі час пасля вайны яго сястра Вольга Паўлаўна, маці маёй субяседніцы Валянціны, звярнулася ў адпаведныя органы з просьбай, каб далі дазвол брату вярнуцца ў Беларусь. Дабро далі. Па вяртанні Дзмітры ўладкаваўся на працу ветэрынарным доктарам у саўгас «Вязынь».  А пасля пераехаў у Вяпраты ў бацькоўскі дом. Пазней пабудаваў тут сваё жытло. Да пенсіі працаваў у калгасе «Селішча».

Маці Валянціны, Вользе Паўлаўне, пашчасціла ўхіліцца ад рэпрэсій.

Шмат каштоўных звестак пра сям’ю расказаў пляменнік Валянціны Паўлаўны Ігар, спасылаючыся на свайго тату Барыса Канстанцінавіча, 1930 года нараджэння, брата Валянціны.

Ад бацькі ён ведае пра жыццё сваёй бабулі Марысаевай (Гіль) Вольгі Паўлаўны 1909 года нараджэння і дзядулі Марысаева Канстанціна Анатольевіча 1905 года нараджэння.

Як Канстанцін Марысаеў з Саратава трапіў у Панышы

Канстанцін Анатольевіч нарадзіўся ў Саратаве. Яго бацька Анатоль Вікенцевіч служыў бухгалтарам у дзяржаўнай установе, а маці Марыя Карлаўна, паволжская немка, працавала настаўніцай. У сям’і было пяцёра дзяцей.

Бацькі Канстанціна – Анатоль і Марыя Марысаевы – з дзецьмі.

Сын Канстанцін у 22 гады дабраахвотна пашоў служыць у Чырвоную армію. Пасля падрыхтоўкі ў Саратаўскай паграншколе служыў на савецка-польскай мяжы паміж Усходняй і Заходняй часткай Беларусі, на Панышоўскай заставе, якая размяжоўвала савецкую Лагойшчыну з польскай Вілейшчынай.

Сялянам з памежных вёсак з абодвух бакоў дазвалялася перасякаць мяжу для наведвання родных, а ў базарны дзень абмяняцца таварамі.

Кожную нядзелю панышоўская вуліца ажывала ад натоўпаў гандляроў і пакупнікоў. Заходнікі прыносілі вопратку, абутак, газнічкі, бензінавыя запальнічкі, сала, хлеб, батоны. Усё гэта абменьвалася на соль ды на глінку (мел), якую сяляне здабывалі прымітыўнай методыкай у суседнім Крамянцы.

Разлік грашыма быў рэдкай з’явай, бо сяляне-ўсходнікі ў калгасе працавалі не за грошы, а за працадні.

Праз год службы Канстанцін добра вывучыў мясцовасць. У вольны ад службы час мог сабе дазволіць схадзіць на паляванне. Пазнаёміўся з Вольгай Гіль з Вяпратаў. Праз год маладыя распісаліся ў Калачах. Бацька маладой быў вельмі набожным чалавекам, хацеў, каб маладыя абвянчаліся. Але прышлося змірыцца, бо зяць быў ваенным, ды яшчэ кандыдат у партыю.

Як жыла маладая сям’я Марысаевых

У 1930 годзе ў сям’і нарадзіўся нарадзіўся сын Барыс. Праз два гады ў Канстанціна скончыўся кантракт на службу і маладая сям’я з’ехала ў Расію ў родны горад Канстанціна – Саратаў.

Барыс Марысаеў – сын Канстанціна і Вольгі.

Атрымаўшы афіцэрскае званне, ён рушыў у Архангельск, а ў 1935 годзе быў накіраваны ў Рагачоў. У 1936 у сям’і нарадзілася Валянціна, мая суразмоўца.

Аднойчы ноччу 1937 года ў хату Марысаевых пагрукалі. Работнікі НКВД загадалі Канстанціну апранацца і ехаць з імі. Дома яго не было тры тыдні.

На допытах не катавалі, а высвятлялі яго кола знаёмства і ці ёсць родныя на польскай тэрыторыі. Шмат пыталіся пра цесця і яго дзяцей. Напрыканцы арышту работнік НКВД паведаміў Канстанціну, што яго цесць з дачкой Ганнай і сынам Дзмітрыем дэпартаваныя на спецпасяленне ў Комі. І што менавіта гэта паслужыла прычынай для арышту Канстанціна. Новы 1938 год той сустракаў  з сям’ёй.

Толькі ў Рагачове зноў доўга не затрымаліся. Пасля Новага года сям’я пераехала ў Барысаў на новае месца службы Канстанціна. Тут Вользе вельмі захацелася наведаць сваіх родных, якіх не бачыла сем гадоў.

Канстанцін змаўчаў, што ў Вяпраце яе ўжо ніхто не чакае. Таму ўгаварыў жонку адкласці наведванне да вясны.

А пасля атрымаў новае прызначэнне. Яго як камуніста накіравалі паліткіраўніком на пагранзаставу Панышы – туды, дзе некалі служыў памежнікам па кантракце. Вольга ўзрадавалася прызначэнню мужа, бо думала: сустрэнецца з роднымі. Але пасля таго, як Канстанцін расказаў праўду пра сям’ю, Вольгу ахапіла дэпрэсія. Не ўяўляла, як прыедзе ў Вяпраты, а сустракаць яе ніхто з бацькоўскага дома не выйдзе.

У Вяпратах Вольгу сустрэў занядбаны бацькоўскі падворак. Тут гулялі сотні курэй, а хата была ператвораная ў куратнік.

Усю бацькаву маёмасць канфіскавалі на карысць створанага калгаса «13 год РСЧА». У Панышах Канстанцін з Вольгай засяліліся ў пусты дом.

Маладая сям’я – Вольга і Канстанцін Марысаевы.

Парушэнні на мяжы ў Панышах з абодвух бакоў сталі рэгулярнымі. Нярэдка з перастрэлкамі. Улетку 1939 напружанасць ужо мела правакацыйны характар. Сярод насельніцтва ўголас гаварылі пра набліжэнне вайны з Польшчай.

Нягледзячы на падзеі верасня 1939 застава з савецкага боку ў Панышах не здымалася да лета 1940. Жыхарам не дазвалялі вольна пераходзіць былую мяжу. Бліжэй да восені абмежаванні знялі.

Дзеці з Лукаўца і Батурына пашлі ў Калачоўскую школу. А людзі з Калачоў і іншых вёсак хадзілі на працу у Лукавец.

У сувязі з ліквідаваннем памежнай заставы ў Панышах Канстанціна чакала новае прызначэнне. Увесь асабісты склад Панышоўскай заставы для далейшага праходжання службы накіраваны на самы заходні ўчастак мяжы – Беласточчыну. Патрэбную для гэтага польскую мову Канстанцін вывучыў яшчэ ў Панышах.

З Панышоў – у Саколку

У гарадок Саколка пад Беластокам афіцэры, у тым ліку і Канстанцін, прыбылі адразу з сем’ямі. Як кажа Ігар Барысавіч, са слоў свайго таты, у ваенным гарадку ў Саколцы жылося спакойна. Канстанцін Анатольевіч ахоўваў дзяржаўную мяжу, а Вольга Паўлаўна завіхалася ў хатніх клопатах.

Але з вясной прыйшлі хваляванні. Палякі сталі адкрыта казаць, што хутка Гітлер пачне вайну з саветамі. Савецкія сем’і не асабліва верылі ў гэта. Спадзяваліся на пакт Рэбінтропа і Молатава. Але ўжо ў чэрвені амаль кожны дзень у паветры над Беластокам і Саколкай завісалі нямецкія рамы-разведчыкі. Ілюзіі зніклі. На мяжы адчувалася напружанне з-за нахабных паводзінаў нямецкага боку. Афіцэры-памежнікі былі ўпэўненыя, што вайна непазбежная.

Як пачыналася вайна

Калі ранкам 21 чэрвеня дайшлі чуткі, што дзесьці пад Гроднам высадзіўся нямецкі дэсант, камандаванне аддала загад афіцэрскаму складу адпраўляць свае сем’і як мага далей ад мяжы. Для эвакуацыі сямей былі выдзелены газагенератарныя грузавікі.

Даехаўшы да Валожына на зыходзе дня, машыны звярнулі з дарогі ў бярозавы гай на начоўку і заадно нарыхтаваць паліва. Ранкам людзі прачнуліся ад гула самалётаў і бомбавых разрываў. Кіроўцы вырашылі працягваць шлях да Мінска. Але ўлічваючы бесперапыннае бамбаванне Маладзечна і пастаянны паветраны кантроль дарогі нямецкімі самалётамі, вырашылі працягнуць рух ноччу. А каб немцы з паветра не заўважылі аўтамабілі, іх замаскіравалі галлём. Удзень бамбаванне Маладзечна сціхла, толькі слупы дыму над ім уздымаліся да вечара. А як пачало шарэць, калона кранулася ў бок Мінска.

Праязжаючы праз Маладзечна, бачылі, што горад ахоплены полымем.

Рухаліся ўначы без прыпынкаў на «запраўку», бо ўдзень, пакуль стаялі, чурбакі  загрузілі не толькі ў бакі, але нарыхтвалі іх у кузавы.

Калі прыехалі ў Мінск, Вольга з дзецьмі падалася на вуліцу Кастрычніцкую да сваёй цёткі. Прыняла яна Вольгу і дзяцей добра. Але на наступны дзень Вольга з дзецьмі і цёткай пашлі па нейкай патрэбе ў горад. Трапілі пад бамбаванне. Пераседзеўшы ў бомбасховішчы, прышлі на Кастрычніцкую і на месцы дома ўбачылі вялізную гару цэглы.

Падаліся на Даўгінаўскі тракт у спадзяванні даехаць на чым-небудзь у родныя Вяпраты. Ды па тракце рух быў толькі ў адзін бок, на Мінск.

Пра жыццё ў акупаваных Вяпратах

Але да Вяпратаў неяк дабраліся. Тут назаўсёды запомнілі жыццё пад трохгадовай акупацыяй. Самыя памятныя моманты Барыс Канстанцінавіч данёс сваім нашчадкам.

Тата распавядаў сыну Ігару, што калі яны надвячоркам дабраліся з Мінска ў Вяпраты, бацькоўскі дом засталі пустым і без курэй, толькі моцна загаджаны. Як пазней высветлілася, старшыня калгасу ўжо на другі дзень вайны атрымаў загад усю калгасную маёмасць і жыўнасць тэрмінова параздаваць калгаснікам для захоўвання на ваенны час.

Толькі Марысаевым нічога не дасталося. Ім старшыня не вярнуў забранага ў 1938 каня і іншых жывёл.

Нават у дом спрабаваў не пускаць, спасылаючыся на пастанову «тройкі» аб поўнай яго канфіскацыі на карысць калгасу.

Але ўсё ж дазволіў пажыць да канца вайны Марысаевым у сваім жа доме.

Першапачаткова прытуліліся ў суседзяў. А як навялі парадак у сваім доме, перайшлі ў яго. Збіралі і сушылі ягады ды грыбы, бо разлічваць не было на каго. Праз нейкі час вёску пачалі наведваць немцы з паліцаямі, пасля якіх жыць пачалі пад пастаянным страхам.

Аднойчы прыехалі немцы і пачалі дапытаваць Вольгу Паўлаўну, дзе яе муж, камуніст і камандзір Чырвонай арміі. Вольга адказала, што на фронце і што ён не камандзір, а чырвонаармеец і беспартыйны. Зрабіўшы ператрус, з’ехалі.

А неяк сярод вераснёўскай ночы Марысаевым пастукалі ў акно. З вуліцы Вольга пачула голас свайго Канстанціна.

Той прышоў не адзін, з ім было пяцёра чырвонаармейцаў. Вольга пакарміла ўсіх чым магла. Расказала пра небяспечнае становішча ў Вяпратах і наваколлі, пра немцаў і невядомых бандытаў, што бываюць у вёсцы.

Канстанцінаў шлях да родных

Канстанцін распавёў пра сябе. У той дзень, як сем’і былі адпраўленыя, увечары 21 чэрвеня паступіў загад быць у поўнай баявой гатоўнасці. На досвітку абвясцілі баявую трывогу. І ўвесь асабісты склад выступіў у напрамку дзяржаўнай мяжы. Калі да мяжы заставалася з вярсту, раптам усё вакол завыла, зямля пад нагамі захадзіла. Ад выбухаў падымаліся слупы зямлі. Усе ірванулі з дарогі і заляглі воддаль ад яе на ўзбочыне. Калі кананада прыціхла, паступіла каманда строіцца. Не паспела і палова чырвонаармейцаў падняцца на дарогу, як заўважылі наперадзе нямецкіх матацыклістаў. Услед паступіла каманда адставіць пастраенне і заняць абарону. І ўжо цераз хвіліну завязаўся моцны бой.

Чырвонаармейскія трохлінейкі супраць нямецкіх кулямётаў ды аўтаматаў устаяць не маглі.

А тут яшчэ патроны амаль усе скончыліся. Каб пазбегнуць акружэння, вымушаныя былі адступіць да лесу. Засталася толькі трэцяя частка гарнізона. Астатнія загінулі на полі.

Гарнізоннае камандаванне было ў разгубленасці, бо апынулася ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі. Адправілі разведку наперад да мяжы. Праз дзве гадзіны, не дачакаўшыся першай групы, пайшла другая. Праз тры гадзіны вярнуўся адзін разведчык другой групы і паведаміў, што вакол і на мяжы гаспадараць немцы. Атрад рушыў у бок Сакулкі, бо там быў чуваць бой. Падышоўшы да горада, убачылі, што з мястэчка вядуць бой чырвонаармейцы, а немцы наступаюць. Гарнізонны атрад, падкраўшыся з тылу да ворага, амаль ва ўпор расстраляў ўсіх наступаючых на Сакулку немцаў.

Гэта была першая перамога. Два атрады аб’ядналіся ў адзін. Высветлілі, што немцы занялі Сакулку толькі з другога боку і да цэнтра. Атрад вымушаны быў адысці, бо не было сэнсу завязваць бой з вялікай нямецкай групоўкай. Прыхаваўшыся ў лесе, аб’яднаны атрад дачакаўся разведчыкаў. Тыя вярнуліся з папаўненнем. Злучанае падраздзяленне ўжо дасягала роты.

Разведка далажыла, што галоўныя сілы ваеннай акругі хутчэй за ўсё рассеяныя, франтавой лініі фактычна няма. Усе апынуліся ў акружэнні.

Пачалі прабівацца на золку. Абышоўшы Гродна з паўднёвага боку, з баямі рухаліся на ўсход. Разагнацца не давалі абходы адкрытых мясцовасцяў і населеных пунктаў. Такія ўмовы не скарачалі разрыў паміж атрадам і гэтак званай лініяй фронту, а павялічвалі яго.

Фронт тым часам маланкава адыходзіў на Усход. На чацвёрты дзень вайны, так і не дасягнуўшы сваёй мэты па далучэнні атрада да галоўных сіл арміі, вырашылі прабівацца да сваіх малымі групамі і самастойна. У групу Канстанціна ўвайшло 11чалавек. За чатыры дні чырвонаармейцы без адпачынку стаміліся і засталіся без харчу і вады.

А насельніцтва Заходняй Беларусі ў большасці ставілася да чырвонаармейцаў недобразычліва.

І ўсё ж у перагаворы з сялянамі ўступаў галоўным чынам Канстанцін. Яго афіцэрскае званне вымушала насельніцтва падпарадкоўвацца, а добрае валоданне польскай мовай у людзей выклікала нейкі ўнутраны давер да яго.

Пасля амаль трохмесячнага блукання па лясах і балотах, Канстанцін з парэшткамі сваёй групы, дабраўся ў Вяпраты. Тут яму стала вядома пра ваенныя абставіны ў наваколлі, даведаўся пра становішча на самім фронце.

Канстанцін як кадравы ваенны разумеў, што без сувязі далейшы шлях да сваіх не мае сэнсу. І заставацца дома ў Вяпратах групе небяспечна. Перасядзеўшы на гарышчы суткі, пакуль Вольга сабрала неабходныя рэчы і інструмент – пілы, сякеры, рыдлёўкі, – група ўначы пакінула Вяпраты.

Канстанцін адвёў групу ў лес паміж Панышамі і Жабічамі. Яму цудоўна былі вядомыя  ўсе гэтыя мясціны з часоў службы на Панышоўскай заставе і палявання ў гэтых лясах.

Пабудавалі зямлянку. З асцярожнасцю пачалі шукаць сувязі з тымі, хто вёў кропкавую барацьбу з ворагам, учыняючы тэракты на дарогах, чыгунках. Адшукаць нябачных барацьбітоў было складана. Усе баяліся адзін аднаго, бо здраднікам мог апынуцца хто заўгодна. Канстанцін з групай час ад часу самастойна рабіў вылазкі на варожыя аб’екты на былую польскую тэрыторыю Заходняй Беларусі для папаўнення запасаў правіянтам і зброяй.

Да сям’і ў Вяпраты Канстанцін заходзіў рэдка і заўжды толькі ноччу, каб пра яго візіты не западозрылі вяскоўцы. Дачакаўшыся ў лесе вясны, група ўжо збіралася на Усход за лінію фронту.

Нечаканая трагедыя вясной 1942

Але ўсё скончылася трагічна ў самым пачатку красавіка 1942 года. Хоць група вельмі старалася, каб сябе не выдаць, не атрымалася. Адзін паліцай з суседняй вёскі нейкім чынам даведаўся, што Канстанцін па начах наведвае сваю сям’ю. Аднойчы ноччу здраднік высачыў яго і данёс немцам. Тыя спрацавалі аператыўна. Позна ноччу ціха акружылі дом, у якім гасцяваў Канстацін з сябрам. А пасля ўвёсь падворак асвятлілі ліхтарамі.

Праз гукаўзмацняльнік загадалі ўсім, хто знаходзіцца доме, выходзіць з паднятымі рукамі і без зброі.

Калі  загад будзе выкананы, немцы абяцалі зняць адказнасць з мірных жыхароў, бо ім патрэбныя толькі вайскоўцы.

Канстанцін з сябрам цвяроза ацанілі абставіны. Для іх шанцаў выжыць не заставалася. А вось для сям’і хоць невялікі, але шанец быў. Таму вайскоўцы склалі зброю ў спадзяванні, што фашысты не заб’юць сям’ю. Калі жыхары і госці выйшлі з дома, немцы скруцілі Канстанціна і яго сябра, а сям’ю пад аховай адставілі далей. І ўслед зладзілі паўсюдны ператрус. Не знайшоўшы нічога забароненага, сям’ю адпусцілі, а Канстанціна з сябрам забралі з сабой.

Прыступкі параднага ўваходу ў сядзібны дом Бароўскіх у Лукаўцы.

Як высветлілася пазней, іх адвезлі ў Лукавец, у былы маёнтак паноў Бароўскіх, дзе зладзілі ім допыты з жудаснымі катаваннямі. Іх некалькі дзён трымалі ў падвалах панскай лядоўні, побач з сядзібным панскім домам, у якім і праводзіліся допыты. Пра тое, што вайскоўцы трымаліся мужна, Вользе распавёў ляснік па прозвішчы Супрон з вёскі Дзяніскі, які ў той час таксама сядзеў пад арыштам разам з Канстанцінам.

Немцы расстралялі Канстанціна і яго сябра 9 красавіка 1942 года ў ніжнім маёнткавым парку сярод ліп.

Пра гэта Вользе паведаміў той самы ляснік Супрон, якога разам з іншымі вязнямі, моцна збітых пад час допытаў, немцы вызвалілі на наступны дзень пасля расстрэлу Канстанціна.

А гэта рэшткі былой панскай лядоўні.

Як я ўжо пісалася вышэй, Вольга спрабавала забраць цела Канстанціна, каб пахаваць, але гэта ледзь не скончылася  трагедыяй. Пасля той спробы да Вольгі прыехалі паліцаі з допытамі яе і суседзяў, ці адлучалася яна з вёскі апошнімі днямі. Калі даведаліся, што Вольга не сыходзіла з вёскі, распавялі і прычыну допытаў – зніклі целы расстраляных вайскоўцаў у Лукаўцы. Такая навіна Вольгу вельмі ўсхвалявала. І яна вырашыла сама разгадаць загадку знікнення цел. І для гэтай мэты абрала батурынскі касцёл, бо тут на імшу збіралася шмат людзей. Што Вольга і скарыстала на бліжэйшым набажэнстве. Пасля службы да Вольгі падышоў ксёндз Вацлаў Сэнк і першы пачаў гутарку на балючую для Вольгі тэму:

–  Ведаю ваша гора і выказваю вам свае спачуванні. А па пытанні, якое вас хвалюе, звярніцеся ў плябанію да Агаты, яна вам дапаможа.

Агата прыслужвала пры касцёле і шмат ведала. Былі ёй вядомыя ўсе падрабязнасці Вользінай бяды. Агата паведаміла, дзе муж Вольгі і яго сябра і паказала агульную магілу ў Навасёлках. А каб ніхто не западозрыў сапраўдную прычыну іх візіту на могілкі, дамовіліся, што прыпыняцца каля пахавання не будуць.

Пасля Агата расказала Вользе пра 15-гадовага юнака з Батурына, Вітака, і пра здрадніка, які данёс немцам на Канстанціна, – паліцая з суседняй вёскі Панышы. Дома Вольга расказала пра ўсё родным. А пра здрадніка паведаміла не толькі ў сям’і, але праз 12-гадовага сына Барыса перадала інфармацыю ў лес, Канстанцінавым сябрам.

Тыя падабралі момант, калі здраднік-паліцай прыехаў дадому, і жорстка яго пакаралі: знянацку прапаролі віламі, а пасля параненага, звязанага і з заткнёным ротам, адвалаклі на балотнае возера. Там, распрануўшы і прывязаўшы да бярозы, пакінулі на вышыні. І яшчэ надпіс зрабілі, што так будзе з кожным здраднікам.

На магілу да мужа жонка трапіла пасля вайны

Пасля вайны, калі ўжо непатрэбна было баяцца, Вольга адразу пайшла на магілу свайго мужа пакланіцца і добраўпарадкаваць пахаванне. А яшчэ яна наведала Батурына, каб перадаць падзяку Вітаку Ігнатавічу Арцішэўскаму.

Хоць час пасляваенны і быў не з лёгкіх, працаваць у калгасе вымушаны былі ад цямна да цямна, але Вольга з дзецьмі не забываліся наведваць магілу мужа, а таксама – сям’ю Арцішэўскіх у Батурыне.

У 1950-х і 60-х гадах, калі па ўсёй краіне праводзілася перапахаванні адзіночных воінскіх пахаванняў у брацкія магілы, Вользе Паўлаўне прапанавалі так сама даць згоду перапахаваць мужа ў Ільі. Але яна і сёстры Канстанціна адмовіліся, хоць і ведалі што з-за гэтай адмовы страцяць статус сям’і загінулага на фронце.

Сёння нашчадкі, і асабліва дачка Канстанціна Анатольевіча, не шкадуюць пра тое рашэнне сваёй маці. Яны шануюць памяць пра загінулага. Штогод наведваюць яго магілу, на якой  усталяваны помнік з фотаздымкам.

Вольга Паўлаўна Марысаева (Гіль) больш замуж не выйшла. Адна, без дзяржаўнай дапамогі, выхавала і вывела ў людзі сына Барыса Канстанцінавіча і дачку Валянціну Канстанцінаўну.

Да пенсіі адпрацавала ў калгасе «13 год РСЧА». Пасля, пакінуўшы бацькоўскі дом на калісьці рэпрэсаванага брата Дзмітрыя Паўлавіча, пераехала жыць да дачкі Валянціны ў Лагойск. Дзе і пражыла да канца сваіх дзён. У 1997-м Вольгі Паўлаўны не стала.

Хачу падзякваць за ўспаміны Валянціне Канстанцінаўне Марысаевай, 1936 года нараджэння, дачцэ Канстанціна Анатольевіча, а таксама яго ўнуку Ігару Барысавічу Марысаеву, 1960 года нараджэння. Шмат карыснай інфармацыі з успамінаў яго таты Барыса Канстанцінавіча (1930-2011) ён перадаў мне. Без гэтых успамінаў тэкст быў бы далёка не поўным і адпаведна не такім цікавым.

Дзякуй вам вялікі, шаноўныя суразмоўцы. Разам з вамі мы перагарнулі чарговую старонку невядомай гісторыі нашага краю.

Фотаздымкі забяспечаныя аўтарам.