Такую іголку гаспадары дасталі з шыі сабакі. Фота забяспечанае суразмоўцай.

Здарэнне адбылося ўчора ў Вілейцы, у мікрараёне Воўкаўшчына. Падрабязнасці расказала жыхарка Вілейкі, гаспадыня сабакі Таццяна.

– Учора, каля 16.00, я пайшла да сваёй мамы, якая жыве недалёка. Сабака ў нас звычайна на ланцугу. Але гэтым разам ён сарваўся і пабег за мной. У двор да мамы не зайшоў, застаўся чакаць на вуліцы. Сабака быў дагледжаны, з заўважным цёмным ашыйнікам з заклёпкамі. Жыў у нас год, меў усе патрэбныя прышчэпкі.

Праз хвілін дзесяць прыйшоў муж Таццяны і запытаўся, чаму сабака ляжыць і ўвесь трасецца. Муж з жонкай выбеглі на вуліцу і ўбачылі іголку ў шыі сабакі. Гадаванец загінуў.

– Дзіўна, што сабаку нехта забіў удзень і пакінуў проста на дарозе з іголкай у шыі. А раптам не дарослы чалавек ішоў бы, а дзіця ўбачыла б іголку і захацела б выцягнуць, – дзеліцца Таццяна.

Тэдзі злева.

… Цяпер трое дзяцей віляйчанкі вельмі сумуюць па сваім гадаванцы Тэдзі, з якім так любілі гуляць, і, па словах мамы, без слёз не могуць глядзець на сабачы ланцуг.

А дарослыя вельмі хочуць даведацца, хто так абышоўся з сабакам. Думаюць пра тое, каб звярнуцца ў пракуратуру.

Фотаздымкі забяспечаныя суразмоўцай.