Фота Вадзіма Заміроўскага,

Чытачка Вікторыя адчувае паніку і страх ад лішку негатыўнай інфармацыі навокал. Псіхолаг рэкамендуе, як ёй зладзіцца з гэтым станам.

Вікторыя напісала: «Апошнім часам столькі негатыву навокал, што мне проста страшна далей жыць. Пасля вядомых жнівеньскіх падзей грамадства сапраўды раскалолася, я гэта бачу на прыкладзе сваіх родных, калег і знаёмых. У СМІ бясконца расказваюць пра бежанцаў на мяжы, палітыкі гавораць пра магчымую вайну, штодня ўсюды пішуць і гавораць пра каранавірус. У мяне самой дзіця хварэла доўга і цяжка, я ніяк не магу аднавіцца ад перажыванняў. Словам, у душы страх і жаданне куды-небудзь знікнуць, схавацца ад усяго. Бываюць проста прыступы панікі. Можа быць, псіхолаг падкажа, як мне справіцца са сваім станам. Бо гэта ненармальна… напэўна».

Страх нармальны ў дадзенай сітуацыі

Рэкамендацыі дае педагог-псіхолаг Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Бабруйска Наталля Ягорава:

− Немагчыма сабе ўявіць сучаснае жыццё без тэлебачання, радыё і інтэрнэту, і ўсе гэтыя крыніцы выконваюць некалькі функцый. Адна з іх − перадача аб’ектыўнай інфармацыі, якую кожны з нас, вядома, імкнецца атрымаць. Але любая інфармацыя, на якую мы рэагуем, аказвае падсвядомае ўздзеянне на нашу псіхіку.

Паважаная Вікторыя, у дадзенай сітуацыі вашыя пачуцці − страх, паніка, жаданне кудысьці знікнуць − гэта нармальна.

Узяць хаця б той жа каранавірус, які стаў галоўнай тэмай большасці паведамленняў у свеце. Вялікая колькасць людзей звяртаецца з псіхалагічнымі праблемамі: вострая рэакцыя на стрэс, дэпрэсія, эмацыйныя парушэнні, дакучлівыя станы, змрочны настрой, раздражняльнасць.

Што ж рабіць?

Калі навіны аб каранавірусе і іншых негатыўных падзеях засмучаюць або правакуюць страх ці паніку, раю наступнае:

  • не глядзіце такія навіны па тэлевізары, не слухайце і не чытайце – прытрымлівайцеся і прыслухоўвайцеся толькі да медыцынскіх парад і рэкамендацый;
  • самі будзьце адказныя і думайце аб сабе і навакольных, выконваючы меры прафілактыкі вірусных захворванняў;
  • калі адчуваеце якія-небудзь сімптомы, звяртайцеся па параду да доктара, каб атрымаць канкрэтныя інструкцыі і інфармацыю для далейшых дзеянняў;
  • каб абмежаваць доступ да негатыўных навін, імкніцеся больш чытаць кнігі, слухаць музыку, глядзець фільмы, займацца хобі.

Спосабы, якія дапамогуць хутка зняць напружанне

Прапаную вам некалькі спосабаў псіхалагічнай дапамогі ў тыя хвіліны, калі вы фізічна адчуваеце прыступ трывогі і панікі. Вядома, тут усё індывідуальна, але паспрабаваць варта.

«Перадышка». Звычайна, калі мы засмучаныя, наша дыханне становіцца павярхоўным, перарывістым. Вызваленне дыхання − адзін з асноўных спосабаў “выкінуць з галавы”. Адкладзіце ўсё ў бок, зрабіце перадышку. На працягу трох хвілін дыхайце павольна, спакойна і глыбока.

Можаце нават заплюшчыць вочы, калі вам так больш падабаецца. Калі хочаце, палічыце да пяці, калі робіце ўдых, і да сямі, калі выдыхаеце. Уявіце: калі вы атрымліваеце асалоду ад гэтага глыбокага дыхання, усе вашы турботы і непрыемнасці знікаюць. Перадышка − тэхніка рэлаксацыі. Але разам з тым яна можа спрацаваць і як сродак, які адцягвае ўвагу, што адводзіць думкі ад нашых праблем хаця б на час.

«Дыханне на лік 7-11». Дапамагае зняць моцнае фізічнае напружанне. Дыхаеце вельмі павольна і глыбока, прычым так, каб увесь цыкл дыхання займаў каля 20 секунд. Магчыма, спачатку вы адчуеце цяжкасць. Але не трэба напружвацца. Лічыце да 7 на ўдыху і да 11 пры выдыху. Неабходнасць так доўга расцягваць дыханне патрабуе поўнай канцэнтрацыі ўвагі.

Паўтарэнне кароткіх, простых сцвярджэнняў дазваляе зладзіцца з эмацыйным напруаннем. Вось некалькі прыкладаў:

Цяпер я адчуваю сябе лепш.

Я магу поўнасцю расслабіцца, а потым хутка сабрацца.

Я магу кіраваць сваімі ўнутранымі адчуваннямі.

Я зладжуся з напружаннем у любы момант, калі захачу.

Унутрана я адчуваю, што ў мяне ўсё будзе добра.

Паспрабуйце прыдумаць свае ўласныя фармулёўкі. Рабіце іх кароткімі і пазітыўнымі, пазбягайце негатыўных слоў тыпу «не» і «не атрымліваецца». Вельмі важнае паўтарэнне. Паўтарайце свае сцвярджэнні штодня па некалькі разоў уголас або запісвайце на паперы.