Фота РФПІ.

Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь разглядае пытанне аб тым, каб ад 2022 года ўводзіць абавязковую вакцынацыю дзяцей ад каронавіруснай інфекцыі. Аб гэтым распавяла агенцтву «Мінск-Навіны» галоўны доктар Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Ярмак.

— Міністэрства аховы здароўя разглядае пытанне аб тым, каб ад наступнага года ўводзіць абавязковую вакцынацыю дзяцей з 12-гадовага ўзросту са згоды бацькоў , — распавяла Ярмак.

Паводле слоў галоўнага санітарнага доктара Мінска, як мяркуецца, для юных грамадзян будуць выкарыстоўваць прышчэпку «Спутнік V» у пяціразовым развядзенні, як гэта адбываецца ў Расіі.

— Магчыма, будуць яшчэ і імпартныя вакцыны, па якіх цяпер Міністэрства аховы здароўя разглядае закупкі. Прычым гаворка ідзе не абавязкова пра расійскія ці кітайскія прэпараты. Якія гэта будуць вакцыны, у бліжэйшы час паведаміць міністэрства, — адзначыла Ярмак.