мода
Тэатр моды Вілейскага каледжа і Ігар Кіцікаў - тагачасны дырэктар установы. Фота Аксаны Ярашонак.

Ад 17 снежня Вілейскі краязнаўчы музей узначаліў Ігар Кіцікаў. Мы пагутарылі з дырэктарам пра планы на новай пасадзе і краязнаўства.

– З якімі пачуццямі прыступаеце да працы? Што хацелася б зрабіць найперш?

– Да гэтай пасады рыхтаваўся месяц. Шмат думаў, аналізаваў. Ведаеце, у мяне бацька падчас Другой сусветнай спачатку партызанам быў, потым пайшоў на фронт кулямётчыкам.

Тыя чорна-белыя здымкі, што засталіся ў нашых альбомах, вельмі важныя і дарагія. Але гэта ўчарашні дзень.

Сёння хочацца, каб у музеі быў вялікі тэлевізар з інтэрнэтам. Каб малады чалавек, які наведае экспазіцыю, мог убачыць урывак з ваеннага фільма, памацаць рукамі мадэлі зброі.

Апошнія месяцы я выкладаў дапрызыўную падрыхтоўку ў Вілейскім дзяржаўным каледжы. Здзівіўся, што моладзь зусім не глядзіць блокбастары пра вайну. Ім больш цікавыя інстаграм і цік-ток. Хаця гэта таксама павінна быць.

Пакуль пераносім на паперу задумы. Думаем, як зрабіць так, каб спалучыць старыя чорна-белыя здымкі з сучаснымі тэхналогіямі. Гэта не мая асабістая ідэя. Так ва ўсім свеце. Працуючы ў каледжы, я шмат якія краіны наведаў. Будзем працаваць так, каб моладзі хацелася да нас прыйсці.

– Як пасля вялікага калектыву атрымліваецца кіраваць маленькім?

– Кірую толькі другі дзень. Псіхолагі кажуць, што працу трэба мяняць кожныя сем-восем год. Я ж на адным месцы на кіруючых пасадах адпрацаваў 20 год. Недзе замылілася вока, недзе перагарэў. Таму, калі прапанавалі ўзначаліць музей, вырашыў паспрабаваць.

– Краязнаўствам даўно цікавіцеся?

– Усе вілейскія краязнаўцы, якіх, на жаль, ужо няма, былі маімі добрымі сябрамі. Анатоля Рогача ведаў з дзяцінства. З Барысам Цітовічам шмат супрацоўнічаў, калі ўзначальваў каледж. Разам з дзядзькам Капцюгом на машыне ездзілі ў экспедыцыі па месцах баявой славы. Да таго па спецыяльнасці я географ. А там мы вывучалі краязнаўства.