Фота з тэлеграм-канала Мінкультуры.

15 снежня Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны падтрымала прапанову Смаргонскага раённага цэнтра культуры аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу «Музычна-інструментальнай традыцыі (Смаргонскія найгрышы)», які бытуе на Смаргоншчыне, паведамляе Міністэрства культуры.

«Смаргонскія найгрышы» – гэта ўзор рэпрэзентацыі выканальніцкай сістэмы фальклору гродзенскага Панямоння, які ўключае цыкл вясельных маршаў, разнастайныя полькі, вальсы, мелодыі розных танцаў і некаторых песень. Элемент уяўляе сабой народную музыку, пад якую танцавалі нашы дзяды і прадзеды.

Характэрныя для інструментальнай музыкі Смаргоншчыны рытмічныя асаблівасці бяруць пачатак ад 17 стагоддзя.

Найгрышы нязменна суправаджалі вольны час мясцовых сялян 20 стагоддзя. Выканаўцы — музыкі-самавучкі — гралі ў вясковых хатах на вяселлях і на танцах, з лёгкасцю пераходзячы з адной мелодыі на другую.

Свой музыкант-саліст, або ансамбль музыкаў быў амаль у кожнай вёсцы. Гэтыя ансамблі ў рэгіёне называліся капэлямі.

Яны складаліся з саліруючай скрыпкі, часам узмоцненай кларнетам, гармоніка ці акардэона і барабана. Дадзеная капэля – якасны прыклад феномена «траістай музыкі» мясцовай інструментальнай культуры.

Музычна-інструментальная традыцыя Смаргонскага раёна перадаецца ад носьбітаў да іх вучняў. Захоўваюць дадзеную традыцыю дзяржаўныя ўстановы культуры і адукацыі Смаргоншчыны, аматарскія мясцовыя калектывы і іншыя носьбіты.

Самымі любімымі найгрышамі, якія часта выконваюцца ў Смаргонскім раёне з’яўляюцца: марш «Вясельны», вальс «Вішанька», полька «Шабасоўка», танцы «Ліцвін» і «Нарэчанька». Гэтыя мелодыі ведае амаль кожны жыхар Смаргоншчыны.

Гэта першы прыклад выканальніцкага мастацтва, які будзе ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пасля прыняцця адпаведнага рашэння Міністэрства культуры.