Зэлік Аксельрод. Фота з вікіпедыі.

Ён вядомы як яўрэйскі паэт, перакладчык, брат мастака Меера Аксельрода.

Напачатку Першай сусветнай сям’я Аксельродаў трапіла ў Тамбоў. Пасля спрабавалі вярнуцца ў Маладзечна, але не змаглі, бо горад быў ужо за мяжой – у Польшчы.

У 1920-х вучыўся ў Маскве, тут скончыў літфакультэт педінстытута. Пасля вучобы вярнуўся ў Мінск, працаваў у дзяржвыдавецтве. За кароткае жыццё выдаў чатыры кнігі вершаў на ідыш. У вершах ухваляў сацыялістычныя пераўтварэнні ў краіне, сяброўства савецкіх народаў.

Пераклаў паэму «Вялікаму Сталіну ад беларускага народа», але гэта не выратавала яго ад рэпрэсій, бо пастаянна абвінавачваўся крытыкамі ў «буржуазным індывідуалізме», «нездаровай цікавасці да мінулага».

Выступаў супраць закрыцця школ на мове ідыш, звярнуўся разам з Гіршам Камянецкім з лістом да першага сакратара кампартыі Беларусі Панамарэнкі. На сходзе яўрэйскіх пісьменнікаў Мінска 30 мая 1941 года рэзка пярэчыў кіраўніку Саюза пісьменнікаў Беларусі Лынькову, які сцвярджаў, «што яўрэйскія савецкія пісьменнікі… не стварылі вобразы герояў вялікай значнасці», неўзабаве быў арыштаваны. На допыце 18 чэрвеня быў абвінавачаны ў дачыненні да «пісьменніцкай нацыяналістычнай арганізацыі».

Па сведчаннях відавочцаў, 26 чэрвеня 1941 года пры адступленні Чырвонай Арміі з Мінска зняволеных адвезлі ў лес, адабралі палітычных і расстралялі, у тым ліку і Аксельрода. Родныя ведалі толькі аб арышце, дамагаліся вызвалення, але доўгія гады атрымлівалі супярэчлівыя адказы на запыты аб лёсе Зэліка Аксельрода. Рэабілітаваны ў 1957.