Фота ostrovets.by.

Прыгадваем, што мінулыя гады Тыгра прыносілі на Валожыншчыну.

1938 год

У горадзе скончылі будаваць другую школу-сямігодку. У адной палове будынка размясцілася школа, у другой – гімназія.

1 кастрычніка ў Валожыне супрацоўнікамі польскай паліцыі быў затрыманы грамадзянін Польшчы Ула­дзімеж Чаеўскі, прапісаны ў вёсцы Мыслевічы Маладзечанскага павета. Падчас ператрусу пры затрыманым знайшлі савецкі вайсковы компас, 1401 польскі злоты і 65 грошаў, два лісты на рускай мове, некалькі здымкаў, польскі ўнутраны пашпарт і вайсковы білет. На допыце, які адбываўся ў канцылярыі «пляцуўкі» КАП №4 у Маладзечне, мужчына прызнаўся, што ён савецкі шпіён Юры Макарэвіч, грамадзянін СССР, прапісаны ў Мінску.

У Вільні памёр ураджэнец вёскі Навасёлкі, што пад Ракавам, польскі філолаг, публіцыст, гісторык літаратуры, крытык, рэктар Віленскага ўніверсітэта Стэфана Баторыя Мар’ян Здзяхоўскі.

Раман жыхара Ракава, пісьменніка, публіцыста, разведчыка-кантрабандыста Сяргей Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» намінавалі на Нобелеўскую прэмію.

1950 год

Вяскоўцы з Алешчанятаў, Відзейкаўшчыны, Гелянова і іншых вёсак уступаюць у калгасы.

Пятро Бітэль, фот з архіва Саюза беларускіх пісьменнікаў.

НКВД арыштавала жыхара Валожыншчыны, праваслаўнага святара, пісьменніка і перакладчыка Пятра Бітэля. У лагерах ён пераклаў з польскай мовы на беларускую некалькі паэм Адама Міцкевіча.

У Багданаве пачынае працаваць аддзяленне паштовай сувязі. А Вішнеўская і Пяршайская школы-сямігодкі стала дзесяцігадовымі.

1962

25 снежня Валожынскі раён ліквідавалі. Яго тэрыторыю далучылі да Маладзечанскага раёна за выключэннем Івянца, Волменскага, Зарачанскага і Падневіцкага сельсаветаў, якія ўвайшлі ў склад Стаўбцоўшчыны. Праз тры гады раён аднавілі.

У Ракаве нарадзіўся будучы беларускі скульптар Валяр’ян Янушкевіч.

У Валожынскі лясгас для акліматызацыі завезлі амерыканскую норку.

Івянецкі касцёл святога Аляксея, пабудаваны ў 1907 годзе, пераабсталявалі ў архіў бібліятэкі.

Царква святых Канстанціна і Алены ў Валожыне застаецца адзіным праваслаўным храмам, які дзейнічае ў горадзе.

1974

У Івянецкай дзіцячай школе мастацтваў адчынілі клас цымбалаў.

Дзіяна Арбеніна раздае аўтографы харыстам падчас апошняй рэпетыцыі перад юбілейным канцэртам. Фота nsarchive.ru.

У Валожыне ў сям’і журналістаў нарадзілася Дзіяна Арбеніна – будучая паэтка, рок-спявачка, лідар расійскага гурта «Начныя снайперы». Яшчэ ў раннім дзяцінстве з’ехала з бацькамі з Валожына.

30 снежня заснавалі Валожынскі льнокамбінат.

1986

Пасля катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі 163 населеныя пункты Валожыншчыны аказаліся забруджанымі радыяцыяй. Найбольш пацярпелі Пяршаі і Івянец. На сёння, дзякуючы натуральнаму распаду радыёнуклідаў, колькасць забруджаных населеных пунктаў зменшылася да 32.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.

У Малой Люцінцы на месцы, дзе стаяў дом пісьменніка і драматурга Дуніна-Марцінкевіча, з’явілася стэла з барэльефам.

1998

У горадзе стварылі фальклорны калектыў «Гасцінец». Пазней яму прысволілі званне «народны», а пасля і «заслужаны». Фішка калектыву – своеасаблівая манера выканання песні, максімальна набліжаная да аўтэнтычнага гучання спеваў Валожыншчыны.

Толькі ў гэтым годзе горад атрымаў герб – шчыт чыовонага колеру з літарай «W» з чорнымі палоскамі. За аснову быў узяты шляхецкі герб «Абданк», якім верагодна валодалі князі Валожынскія. Чорныя касыя лініі на літары «W» былі дададзеныя, каб паказаць даўнія традыцыі кнігадрукавання на Валожыншчыне. Побач з Валожынам, у Лоску, у другой палове 16 стагоддзя была друкарня Яна Кішкі, дзе выдаваў свае кнігі асветнік Сымон Будны.

15 студзеня сваю родную вёску Вішнева ў другі раз наведвае ізраільскі палітык і дзяржаўны дзеяч, дзявяты прэзідэнт Ізраіля Шымон Пэрэс. Там ён усклаў вянок да брацкай магілы, дзе пахаваны яго дзед, што загінуў у гета ў 1942 годзе. Таксама  наведаў Валожын і будынак былой мясцовай іешывы.

Зладзілі першае свята пасёлка Івянец.

2010

У лютым пачаў працаваць для наведнікаў Валожынскі раённы краязнаўчы музей.

Нацбанк адчаканіў памятную срэбную манету з выявай валожынскай іешывы.

У Івянцы зладзілі фестываль слодычаў «Ласуна».

Пачалася рэканструкцыя валожынскага вытворчага ўчастку Мінскага малаказавода №1.

Па рашэнні раённага суда Дом польскі ў Івянцы, з-за якога пачаўся скандал паіж двума саюзамі беларускіх палякаў, застанецца ва ўласнасці афіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі.

Сінагога ў Івянцы. Фота foto-planeta.com.

Сінагогу ў Івянцы, збудаванаю напачатку 20 стагоддзя, перадалі Яўрэйскаму рэлігійнаму аб’яднанню. Пад тынкоўкай захаваліся старыя фрэскі.