Эміль Чэчка падчас інтэрв'ю беларускаму ТБ.

Напрыканцы снежня міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы перарос у неактыўную фазу. Колькасць мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Польшчу, знізілася. Апошнім «яскравым» момантам у гэтым памежным канфлікце стала дэзерцірства польскага жаўнера Эміля Чэчкі. Для праўладнай і прарасійскай прапаганды гэта быў свежы глыток паветра.

Справа Чэчкі

Польскі жаўнер Эміль Чэчка збег у Беларусь 16 снежня. Тут ён папрасіў палітычнага прытулка. У Польшчы супраць Чэчкі ўзбудзілі крымінальную справу за дэзерцірства.

Апошнія месяцы Чэчка чакаў разгляду апеляцыі ў судзе. Мужчыну асудзілі за збіццё маці. Ён заставаўся служыць у арміі да прыняцця рашэння па апеляцыі. За некалькі дзён за дэзерцірства яго затрымалі польскія паліцэйскія за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане.

На беларускім тэлебачанні Эміль Чэчка заявіў, што польскія вайскоўцы застрэлілі валанцёраў, якія хацелі дапамагчы мігрантам. Таксама мужчына сцвярджаў, што мігрантаў, якія перасеклі мяжы, забівалі і хавалі ў брацкіх магілах.

Асабліва актыўна ў барацьбу за меркаванні па справе Эміля Чэчкі ўключылася беларускае падраздзяленне расійскага дзяржаўнага рэсурсу «Спутнік». На яго сайце рэгулярна выходзілі матэрыялы пра міграцыйны крызіс, негатыўна ацэнка дзеянняў польскіх уладаў і памежнікаў. У справе Эміля Чэчкі «Спутнік» выпускаў па некалькі каментарыяў ад так званых экспертаў і праваабаронцаў.

У гэтым артыкуле мы разбяром выказванні двух асобаў – Дзмітрыя Белякова і Кірыла Коктыша.

Праўладны праваабаронца на варце інтарэсаў Чэчкі

Дзмітрыя Белякова пазіцыянуюць як палітычнага эксперта і дырэктара праваабарончага цэнтра «Сістэмная праваабарона». Гэтая арганізацыя з’явілася незадоўга да міграцыйнага крызіса на межах Беларусі.

Раней Белякоў спрабаваў адкрыць у Беларусі прарасійскую партыю, пасля і яшчэ да мігрантаў паглыбіўся ў працу лідара Інфаспецназа. Інфаспецназ дэкларуе, што займаецца інфармацыйна-асветнай дзейнасцю. Насамрэч, гэта прасоўванне прарасійскай павесткі ў Беларусі. Падчас падзей лета 2020 года Белякоў быў адным з блогераў, якія крытыкавалі пратэстоўцаў і дэмакратычныя сілы. Неаднаразова яго бачылі сярод людзей, якія зрэзалі бел-чырвона-белыя стужкі.

Падчас міграцыйнага крызіса Белякоў з’явіўся на мяжы ў цішотцы з надпісам «праваабарончы актывіст» на англійскай мове. На гэтай жа цішотцы была назва цэнтра «Сістэмная праваабарона» – толькі тады аб ім даведаліся людзі. Большасць праваабарончых арганізацый у Беларусі на той час была ліквідавана.

У справе Чэчкі Белякоў – галоўны праваабаронца і спікер па абароне правоў чалавека. Белякоў шмат разоў казаў у інтэрв’ю праўладным выданням аб парушэнні правоў з боку польскіх улад у дачыненні да жаўнера Чэчкі. Па словах праўладнага праваабаронцы, Эміль Чэчка знаходзіцца «пад папячыцельствам» яго арганізацыі. Сябе Белякоў называе «правадніком інтарэсаў жаўнера». У каментарыі «Спутніку» мужчына падкрэсліў, што прыходзіў на ўсе допыты Чэчкі ў праваахоўных органах, а таксама ўдзельнічаў у інтэрв’ю, што паляк даваў у беларускіх СМІ.

Белякоў пацвярджае словы польскага жаўнера аб масавых расстрэлах мігрантаў на тэрыторыі Польшчы:

«Чечко подтвердил информацию, что на территории Польши происходили массовые расстрелы беженцев, и он принимал в этом участие. Речь идет о сотнях человек, которые были похоронены в общих могилах. Самое страшное, что расстреливали женщин и детей»

Словы Чэчкі не былі даказаныя нічым. Польскія ўлады іх абверглі, як і валанцёры, што дапамагалі мігрантам на мяжы. Гэтаксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі сумняваюцца ў праўдзівасці словаў польскага дэзерціра.

У гэтай гісторыі з Эмілем Чэчкай Белякова спрабуюць паказаць як неперадузятага праваабаронцу, што абараняе польскага ўцякача. У першую чаргу, бачнасць актыўнай дзейнасці па абароне правоў ствараецца для замежнікаў. Бо, негледзячы на разбурэнне праваабарончых інстытутаў у Беларусі, ад асобы Белякова павінны падмацоўвацца негатыўны вобраз польскіх памежнікаў, якія нібыта здекваюцца і забіваюць мігрантаў, і самі вінаватыя ў стварэнні міграцыйнага крызіса.

Прарасійскі палітычны эксперт верыць жаўнеру

Прарасійскі палітычны эксперт Кірыл Коктыш (выхадзец з Беларусі, цяпер дацэнт кафедры палітычнай тэорыі Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных зносін (Універсітэт) МЗС Расіі) таксама падзяліўся меркаваннем наконт уцекача Чэчкі. На яго думку, няма падстаў не давяраць словам жаўнера. Коктыш лічыць, што заявамі дэзерціра павінны зацікавіцца ў ААН і даць прававую ацэнку дзеянасці польскіх вайскоўцаў на мяжы.

Коктыш падкрэслівае, што ўцёкі польскага жаўнера можа вызваць раскол унутры Польшчы. Гэта можа значна паўплываць на кіруючую партыю «Права і справядлівасць».

«Солдата, по сути, превращали в палача. Здесь ситуация понятна, вполне мотивирована и у меня не возникает сомнений, что человек говорит правду. Что касаемо этих действий – катастрофа для европейских ценностей, учитывая то, что Польша присвоила себе право говорить от имени Европы, как и присвоила право быть ее защитницей. Разумеется, не вся Польша, а Польша «Права и справедливости». Мы видим пещерный национализм, преступления против человечности, которые, по-хорошему, должны рассматриваться в Гааге»

Польскія журналісты высветлілі, што Чэчка быў прыхільнікам партыі Канфедэрацыя свабоды і незалежнасці – еўраскептыкаў, правая партыя. Канфедэрацыя сябруе і з ПіС, што зараз з’яўляецца кіруючай партыяй у Польшчы.

Па меркаванні Коктыша, калі Еўрасаюз не адрэагуе на заявы Эміля Чэчкі, а Польшча не будзе асуджаная за дзеянні на мяжы супраць мігрантаў (эксперт мае на ўвазе забойствы і масавыя пахаванні), то гэта будзе азначаць канец уплыву палякаў на Беларусь.

Каментарыі розных экспертаў, праваабаронцаў і палітычных аглядальнікаў у прарасійскіх выданнях сканчваюцца агульнай думкай пра тое, што калектыўны Захад і ў прыватнасці Польшча страцілі свой уплыў у Беларусі. Для беларускага глядача ў справе Эміля Чэчкі прапагандысты спрабуюць у чарговы раз ачарніць бліжэйшых суседзяў. Справа Эміля Чэчкі – гэта яшчэ адна цаглінка, з дапамогай якой прапагандысты спрабуюць пабудаваць сцяну ў адносінах з Еўропай.