Віншаваць жыхароў Радашкавічаў з Новым годам і Калядамі работнікі пажарнай аварыйна-выратавальнай  часткі № 2 Маладзечанскага ГРАНС накіраваліся да самай ажыўленай часткі населенага пункта. 

Каля школы і гандлёвага цэнтра  30 снежня было шматлюдна. Дзеці  каталіся з горкі, а дарослыя  спяшаліся за пакупкамі.

– Мама! Глядзі, Дзед Мароз за рулём пажарнай машыны! – дзівіцца хлопчык.
– Нішто сабе! Дзіва якое! – не менш здзіўленая і мама.

З дзвюх вялікіх чырвоных машын вышлі пяцёра пажарных Дзядоў Марозаў. Здзіўленне і цікавасць да незвычайнай кампаніі былі відавочныя. Яшчэ большую радасць прынесла інфармацыя пра правядзенне конкурсаў ад ратаваннікаў.

– Дзеці, цяпер мы з вамі ўспомнім правілы бяспекі, гуляючы ў снежкі, – гучна абвясціў пажарны Дзед Мароз.
– А як гэта? – спыталі дзеці.
– Нам патрэбныя дзве каманды. Кожны ўдзельнік будзе трапляць снежкай у сярэдзіну  пажарнага  шлема. Той, хто прамахнецца, адказвае на пытанне  па правілах бяспекі.
– Мы гатовыя! – хорам адказвалі дзеці.

Першы з тых, хто прамахнуўся, адказаў, чым небяспечныя петарды. Аказалася, дзеці ведаюць,  як ад іх можа паўстаць пажар. А феерверк, калі ім няправільна карыстацца, можа прывесці да цяжкіх пашкоджанняў. Расказвалі пра небяспеку тонкага лёду, пра тое, як правільна катацца з горак на цюбінгах, як важна не пакідаць тэлефон на зарадку нанач.

– Я бачыў у інтэрнэце відэа, як выбухнуў тэлефон. У выніку ўся кватэра згарэла, – эмацыйна падзеліўся падлетак.

У гульні «Снежкі» пераможаных не было. Кожны ўдзельнік  атрымаў  салодкія  прызы і размалёўкі ад пажарных Дзядоў Марозаў.

Далей у гульню ўключыліся бацькі. Мамы і таты адгадвалі прадметы, схаваныя ў мяшку.
– Гэта хлапушка!
– Бенгальскі агонь!
– Свечка!
– Мандарын!
– Цукерка!
– Ёлачнае ўпрыгожанне!

Дарослыя адказвалі, чым можа быць небяспечны для маленькіх дзяцей шкляны шар , бенгальскі агонь, хлапушка.

Фінальным конкурсам стаў бяспечны карагод. Усе ўдзельнікі, пачуўшы небяспечнае слова, павінны былі прысесці.

Падчас акцыі ахвотныя змаглі пасядзець у кабіне пажарнага аўтамабіля. А каб сфатаграфавацца на памяць з незвычайнымі Дзядамі Марозамі, утварылася чарга.

Фота забяспечанае аўтарам.