– Прафесар Мальдзіс стаяў ля вытокаў беларускага адраджэння. Ён разумеў, што душой народа з’яўляецца яго мова, і даў гэта зразумець і спасцігнуць нам. Мы павінны сёння схіліць галовы перад патрыярхам беларускай культуры, – такімі словамі прыгадаў спачылага навукоўца, пісьменніка, журналіста Адама Мальдзіса арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які служыў набажэнства ў касцёле.

Развітацца з Адамам Іосіфавічам прыйшлі родныя, калегі-навукоўцы, пісьменнікі, журналісты, прыехалі і яго землякі з Астравеччыны. Нягледзячы на працоўны час, людзей, якія прыйшлі ў Чырвоны касцёл на развітанне, было шмат.

Пасля набажэнства Адама Мальдзіса павезлі на Астравеччыну. Тут, на могілках у вёсцы Задворнікі, яго пахавалі.

– Сёння ў нашых душах зацеплілася яшчэ адна свечка памяці. Ад яе будуць гарэць тысячы свечак у душах нашых маладых беларусаў. Ён быў соллю нашай зямлі і застанецца гэтай соллю. Ён быў настаўнікам нашай зямлі і застанецца настаўнікам для многіх пакаленняў. Ён быў бацькам не толькі для сваіх дзяцей, а для людзей майго пакалення, якіх ён прыняў маладымі на працу ў Акадэмію навук. Колькі планаў здзейснілася дзякуючы Адаму Іосіфавічу! – прамовіў ля труны навуковец, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Уладзімір Кароткі.

Вячаслаў Рагойша: Смерць Мальдзіса – мая асабістая страта

З просьбай прыгадаць сяброўства з Адамам Мальдзісам мы звярнуліся да прафесара, літаратуразнаўцы, ураджэнца Ракава Вячаслава Рагойшы, які прысутнічаў на развітанні разам з жонкай Таццянай і сынам Пятром.

– Пра Мальдзіса многа пісалі, гаварылі. Будуць яшчэ больш гаварыць і пісаць, бо ён варты самых высокіх слоў і як выдатны вучоны, і выдатны пісьменнік і арганізатар навукі, як выдатны чалавек, сябар, калега, настаўнік. Для мяне ён сапраўды быў і настаўнікам, і калегам, і, урэшце, сябрам.

Настаўнікам ён стаў яшчэ ў канцы 1950-х гадоў, калі прыехаў на працу ў радашкавіцкую газету «Сцяг Ільіча». Я тады дасылаў туды свае першыя вершаваныя спробы. Адам Іосіфавіч заўважыў мяне, запрасіў у літаб’яднанне пры газеце.

Ён прыехаў да мяне ў Ракаў, прыйшоў у школу і нават выклікаў мяне з урокаў у настаўніцкую. Мы з ім пазнаёміліся і з таго часу падтрымлівалі самыя цесныя кантакты.

Вельмі ўдзячны Мальдзісу за тое, што ён блізка пазнаёміў мяне з Караткевічам. Урэшце мы пасябравалі.

Пасябравалі настолькі, што Мальдзісы і Караткевіч са сваёй будучай жонкай прысутнічалі ў Ракаве ў 1967 годзе на нашым з Таццянай Кабржыцкай вяселлі.

Пасля ўвесь час кантактавалі. Ён мяне запрасіў у Скарынаўскі цэнтр быць першым яго намеснікам. Бачыліся з ім да апошняга часу, нават калі ён ужо не выходзіў на двор.

Смерць Адама Мальдзіса – гэта вялікая страта для культуры, для ўсёй Беларусі. Але гэта і мая асабістая страта. І мая, і маёй Таццяны Вячаславаўны, і сына Пятра, якія сёння тут са мной, і яшчэ дваіх сыноў, якія не маглі тут быць. Усе ведалі, любілі Адама Восіпавіча і чакалі, дзе б мы ні былі: ці ў Ракаве, ці ў Мінску. Апошні час Адам Восіпавіч усё рваўся на сваю родную Астравеччыну. Але гэта засталося марай, якую цяжка было ажыццявіць.

Вялікі дзякуй родным, якія яго даглядалі, сыну Яраславу. Бо пасля смерці жонкі Марыі Карлаўны ён наўрад ці змог бы так доўга пражыць са сваёю самотай.

Беларусі Адам Восіпавіч верна і самааддана служыў усё жыццё. Згодны са словамі Тадэвуша Кандрусевіча, які сёння сказаў: «Яго ведала ўся Беларусь».

Фота аўтара.