Адам Станкевіч. Фота з вікіпедыі.

Станкевіч – ураджэнец вёскі Арляняты, што ў сённяшнім Смаргонскім раёне, 6 студзеня 1892 года. Вядомы як каталіцкі святар, грамадска-палітычны дзеяч, выдавец, гісторык, публіцыст, літаратуразнаўца.

Вучыўся ў гарадскім вучылішчы ў Ашмянах. Пасля скончыў духоўную семінарыю ў Вільні (1914) і рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе (1918). Супрацоўнічаў з беларускім газетамі «Светач», «Дзянніца», «Гоман».

У 1917 годзе адным з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове пры правядзенні набажэнстваў у Дзісенскім, Браслаўскім паветах, Драгічыне, за што падвяргаўся ганенням з боку польскіх царкоўных улад.

Ад 1919 года выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1924—1926 гадах узначальваў Таварыства беларускай школы, быў старшынёй і фактычным кіраўніком Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У 1928—1939 гадах – рэдактар і выдавец часопіса «Хрысціянская думка».

Арыштаваны НКВД, прыгавораны на 25 год пазбаўлення волі. Памёр у высылцы ў Іркуцкай вобласці 29 лістапада 1949 года.