Жаданні здзяйсняюцца.

Акцыю «Дзед Мароз пад прыкрыццём» маладзечанскае сацыяльнае грамадскае аб’яднанне бацькоў «Бумеранг дабра» зладзіла трэці раз запар. Сёлета маладзечанцы выканалі 125 навагодніх жаданняў тых дзяцей, якія гадуюцца без бацькоў, і тых, хто мае інваліднасць. 

Жаданыя падарункі Дзед Мароз і Снягурачка ўручалі дзецям 8 і 9 студзеня.

Антон схаваўся за падарункам.

Па словах арганізатараў, колькасць жаданняў штогод расце. Калі такую акцыю ладзілі першы раз, паштовак з жаданнямі было крыху больш за 50.

Шчыслівы ўладальнік.

Усё працавала наступным чынам. Пра акцыю аб’явілі ў сацсетках і сродках масавай інфармацыі. З арганізатарамі звязваліся законныя прадстаўнікі, якія паведамлялі пра навагодняе жаданне свайго дзіцяці або падапечнага. Магчымасць удзелу пацвярджалася адпаведнымі дакументамі.

А сума падарунка-жадання не павінна была перавышаць пяцьдзесят рублёў.

Падарункі ўручалі вядомыя персанажы.

Кожнае жаданне арганізатары запісалі на паштоўку і павесілі на ялінку, якую паставілі ў фае гандлёвага цэнтра. Ахвотныя выбіралі паштоўку, звязваліся з арганізатарамі і выконвалі жаданне.

Падарунак чакае гаспадыню.

Што жадала дзятва? Малышы прасілі цацкі, падлеткі – навушнікі або калонкі. Самыя звычайныя дзіцячыя жаданні, адзначаюць арганізатары.

А вось так ялінка жаданняў выглядае цяпер.

Жаданні выконвалі асобныя маладзечанцы, а таксама арганізацыі – маладзечанская СШ №1 імя Янкі Купалы, школа і садок з Лебедзева, група з політэхнічнага каледжа, крамы, дзіцячыя цэнтры, піцэрыя. Ёсць такія, хто выконвае жаданні дзяцей усе тры гады. А некаторыя бяруць для выканання адразу па дзве ці тры паштоўкі.

Увогуле, сёлета жаданні «расхапалі» вельмі хутка, падсумавалі арганізатары.

Фота аўтара.