Ндаўняя знаходка - верагодна, палова старажытнай сякеры.

Не так даўно я распавядаў пра сваю малую радзіму – вёску Сакалоўку, у мінулым – Чарвякі, і яе жыхароў. Пісаў пра тое, што вёска не гіне, а наадварот, пашыраецца і з кожным годам набывае ўсё больш прыстойны выгляд дзякуючы толькі самім беларусам і іх працавітасці.

Вярнуцца да вышэйзгаданага матэрыяла мяне прымусіў дыялог у сацсетках па гэтай тэме, які прыняў спрэчны характар. Асабліва балюча артыкул успрынялі каментатары з усходняй краіны-суседкі. Яны палічылі, што Сакалоўка была выстаўлена як паказушная, асобна абраная вёска, якая мае спрыяльныя геаграфічныя ўмовы для свайго развіцця. А ўсе іншыя вёскі Беларусі быццам бы не маюць адрознення ад расійскіх. І я палічыў патрэбным паказаць ім іншы прыклад.

21 падворак і пяць пастаянных жыхароў

Возьмем невялікую вёску Жукаўка. Гэта таксама Хаценчыцкі сельсавет. Толькі яна месціцца ў далечыні ад цэнтральных дарог, у глушы, далёка не ў такім маляўнічым месцы, як Сакалоўка з рэчкай Вяпраткай, што ўтварае ладняе возера. Ды нягледзячы на адсутнасць падобных прыродных дароў, невялікая Жукаўка не змяншае цікавасці да сябе.

Калі ў 2003 годзе ў вёсцы налічвалася толькі дзесяць падворкаў з 20 жыхарамі, то сёння тут 21 падворак. З іх пяць належаць жыхарам, што жывуць тут пастаянна.

Астатнія 16 былі набытыя альбо пабудаваныя пад лецішчы. Падворкі ўсе дагледжаныя.

Жыхары садзяць агароды, сады, разводзяць гусей, курэй, коз. Лічу, што гэта адбываецца, дзякуючы менталітэту беларуса, яго працавітасці.

Жукаўка мае свае асаблівасці і каштоўнасці, якія вабяць катэгорыю людзей адпаведнага складу, прыхільнікаў прыроднай цішыні. Напрыклад, толькі адна яе таямнічая народная назва Звада стварае шмат пытанняў, на якія няма адназначных адказаў. Вось і паспрабуем на конт гэтага паразважаць, зазірнуўшы ў гістарычныя таямніцы гэтай вёскі.

З гісторыі Жукаўкі

Першыя звесткі пра Жукаўку бяруць адлік ад 1800 года. Называлася яна тады Жукі. Але значылася яшчэ як і Каценшчыцы. Магчыма, пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, калі нашы землі трапілі пад Расійскую імперыю, тагачасныя Жукі і былі перайменаваныя ў гонар расійскай імператрыцы Кацярыны Другой. Бо яна ў той час выдала царскі Указ аб знішчэнні ўсіх нацыянальных каштоўнасцяў на зямлі нашых продкаў. Указ імператрыцы патрабаваў:

– Засяліць нашы землі рускімі папамі, рускімі настаўнікамі, рускімі чыноўнікамі, рускімі памешчыкамі.

– Уніяцкія цэрквы і ўніятаў пераўтварыць у праваслаўе і адчыніць паўсюдна рускія школы.

– Стварыць на нашых землях такія ўмовы, каб народ наш забыўся назаўжды, якіх ён радоў і плямёнаў. А землі нашы называць Белай Руссю.

Карэнныя жыхары апынуліся ў статусе людзей другога гатунку. Пасля чаго нашым продкам жыць у такім суседстве ў згодзе не прыходзілася. Магчыма, з-за пастаянных спрэчак і ўзнікла назва Звада разам з афіцыйнай. Бо звада – значыць сварка, спрэчка, сутыкненні. Але гэтая неафіцыйная назва магла яшчэ ўзнікнуць і ад прозвішча якога-небудзь расійскага асадніка.

Дарэчы, Жукаўку насялялі людзі з рознымі прозвішчамі,што не адпавядае звычайнаму ранейшаму этнасу беларускіх вёсак. Тут сустракаліся прозвішчы Ламака, Нядбайлік, Матусевіч, Серка, Якубоўскі. Магло быць і прозвішча Звада, якое сустракаецца не толькі ў Расіі, але і ў Польшчы, і нават на Алясцы. У Польшчы ёсць горад з назвай Звада, а ў Расіі – вёскі.

З летапісу нам вядома, што ў 1800 годзе ў Жукаўцы (у той час Жукі, Каценшчыцы) было дзевяць двароў і 51 жыхар.

Вёска ўваходзіла ў склад маёнтка Забор’е, ўласніцай якога была Людвіга Багдановіч. Ад гэтага часу дадзеныя абрываюцца аж да 1938 года, калі тут панаваў пан Янусь Заборскі. Тады ўжо Жукаўка мела статус калоніі, належала да Хаценчыцкай гміны і налічвала 11 двароў з 52 жыхарамі.

Другая сусветная мала закранула Жукаўку

Падчас Другой сусветнай вайны, вёска і яе жыхары амаль усе ацалелі. Загінула толькі  двое – Анатоль Піліпавіч Матусевіч і Алена Іванаўна Нядбайлік. А ў тым, што Жукаўка моцна не пацярпела падчас вайны, немалую ролю адыграла яе геаграфічнае месцазнаходжанне.

Магілу Алены Нядбайлік, якая загінула падчас вайны, вяскоўцы даглядаюць.

У вярсце праз балота на захад ад вёскі працякае рэчка Шчарка. З паўночнага боку Жукаўку з забалочаным лесам размяжоўвае невялічкі ручай, прыток Шчаркі. І з поўдня адразу ж за сялянскімі шнурамі цячэ невялічкі ручай, які таксама папаўняе вадой Шчарку. Як бачым, акрамя тагачаснага бездарожжа, Жукаўку амаль з усіх бакоў ахоўвала і сама прырода.

Што цікавага ва ўрочышчы Плянта

Апынуўшыся ў гэтых мясцінах, звярнуў увагу на наваколле вёскі. Падобны да старажытнага гарадзішча хваёвы лясок на невялікім узвышшы мае назву Плянта. У меліярацыйныя 1960-я гады Плянта пераўтварылася ў пасяўныя палеткі. А рэчку Шчарку выпрасталі.

Магчыма, на месцы сённяшняга хваёвага ляска месцілася старажытнае паселішча.

Гэта пацвярджаюць некаторыя знаходкі на распрацаванай побач пад пасевы зямлі. Тут трапляюцца аплаўленыя вапнавыя і цвёрдашлакавыя злучэнні, шмат крэмню з відавочнымі слядамі высокатэмпературнага ўздзеяння. Хутчэй за ўсё, гэта наступствы пасля моцнага пажарышча.

Адкуль ля Жукаўкі сякера старажытнага чалавека

Яшчэ адно пацверджання знаходжання тут старажытнага чалавека – знойдзеная мной палова каменнай сякеры (на першым фота). Са слоў дасведчаных людзей, знаходка захавалася да нашых дзён з каменнага веку і належыць прыкладна 3-4 стагоддзю да нашай эры. Падобную сякеру я знайшоў недалёка ад гэтых мясцін і гады тры таму.

Па знаходках можна меркаваць, што тут працавала майстэрня па вырабу з каменю. Сустракаў я ў гэтых мясцінах і больш познія сведчанні знаходжання старажытнага чалавека – рэшткі жалезных вырабаў і чырвонай цэглы-сырца.

А гэтая сякера знойдзеная ў ваколіцах Жукаўкі гады тры таму.

Усё гэта наводзіць на думку, што старадаўняе паселішча ад рэчкі Шчаркі праз забалочаную Плянту, мяняючы сваю назву, стагоддзямі паціху перамяшчалася ўсё вышэй і вышэй да гэтага месца, дзе сёння, ахутаная багатай гісторыяй, і стаіць Жукаўка.

Парэшткі стайні пана Януся Заборскага.

Мясцовыя намагаюцца захаваць у памяці гістарычнае мінулае свайго краю – назвы такіх мясцін, як Барсукоў хутар, лагчына Арлова, Плянта. Даглядаюць і магілку з помнікам на ўзлеску па загінулай падчас вайны Алене Іванаўне Нядбайлік, як могуць, засцерагаюць ад разбурэння парэшткі маёнтка Забор’е. Беларускі менталітэт, працавітасць і неабыякавасць да свайго гістарычнага і бацькоўскага мінулага пануе паўсюдна.

Ванда Фёдараўна Мазалеўская (Нядбайлік) ведае шмат цікавага пра сваю вёску.

Хачу выказаць падзяку Вандзе Фёдараўне Мазалеўскай (Нядбайлік), карэннай жыхарцы Жукаўкі, за пазнавальныя расповяды пра гэтыя мясціны і людзей.

Фотаздымкі аўтара.